Пошук

Бэатэ Гілес Бэатэ Гілес  

Германія: жанчына стала Генеральным сакратаром епіскапату

51-гадовая Бэатэ Гілес стала новым Генеральным сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Германіі. Выбар быў зроблены ўдзельнікамі пленарнага сходу епіскапату.

Гілес стане першай жанчынай, якая зойме гэту высокую пасаду. Яна 1 ліпеня 2021 г. зменіць езуіта Ханса Лангендорфэра, які ў студзені, пасля 24 гадоў працы, пайшоў на пенсію.

Да гэтага часу Гілес была кіраўніком Аддзела па справах дзяцей, моладзі і сям'і ў біскупскай курыі ў Лімбургу. Біскуп Георг Бэтцынг, пастыр гэтай дыяцэзіі і Старшыня Канферэнцыі Біскупаў, заявіў, што цяперашні выбар – гэта відавочная прыкмета жадання біскупаў аддаваць жанчынам кіруючыя пасады ў Касцёле. Паводле яго, новы Генсек – выдатны тэолаг, мае сувязі ў розных структурах Каталіцкага Касцёла і валодае выдатнымі арганізатарскімі навыкамі.

Бэатэ Гілес нарадзілася ў 1970 г. ў горадзе Хюкэсвагэн, зямля Паўночны Рэйн - Вестфалія. З 1989 па 1995 гг. вучылася ў Бонскім універсітэце, дзе яе спецыялізацыяй былі каталіцкае рэлігіязнаўства і нямецкая мова. У 2000 г. абараніла доктарскую дысертацыю па літургічнай спецыфіцы трансляцый набажэнстваў у сродках масавай інфармацыі. З 2010 г. узначальвала Аддзел па справах дзяцей, моладзі і сям'і Лімбургскай дыяцэзіі.

Сама Гілес адзначыла, што новую задачу пачынае выконваць у "няпросты, але захапляльны для Каталіцкага Касцёла ў Германіі час”. “З Сінадальнага шляху пачалося нешта новае”, - сказала новы Генеральны сакратар.
 

24 лютага 2021, 11:55