Пошук

Езус у доме Марты, Марыі і Лазара. Ілюстрацыйнае фота Езус у доме Марты, Марыі і Лазара. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік хоча нагадаць пра важнасць сямейнасці ў жыцці Касцёла

У часы індывідуалізму, які ўплывае і на рэлігійную сферу, Папа хоча нагадаць пра важнасць аспекту ўзаемаадносін і сямейнасці ў жыцці Касцёла, - заўважыў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі, кс. Карада Маджоні.

Падсакратар Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пракаментаваў нядаўняе рашэнне Францішка ўключыць у Рымскі каляндар літургічны ўспамін сясцёр і брата з Бэтаніі. Ён будзе адзначацца 29 ліпеня.

Італьянскі літургіст прызнаўся, што ў Ватыкан з усяго свету надыходзілі просьбы аб’яднаць святых Марту, Марыю і Лазара ў адным успаміне, тым больш, што гэта практыкавалася ў літургічных календарах бэнэдыктынцаў і Святой Зямлі. Такое “аб’яднанне” мае вялікае душпастырскае значэнне і паказвае, наколькі важна прымаць Езуса ў сям’і, - заўважыў у інтэрв’ю Vatican News кс. Маджоні.

“Ад Лукі і Яна мы ведаем, што яны мелі розныя характары і тэмпераменты, але ўсе здолелі прыняць Езуса ў сваім доме. Яны далі Яму фізічную прастору, калі Ён хацеў правесці час з сябрамі. (...) Літургічны ўспамін, гэта магчымасць ацаніць сяброўства, гасціннасць, сардэчнасць, але і сямейныя адносіны, якія дапамагаюць у наследаванні Езуса. Можа быць так, што сям’я становіцца перашкодай у прыняцці Евангелля, у прыняцці радыкальных рашэнняў ісці за Езусам. Дом у Бэтаніі паказвае, што сямейныя адносіны, браты, сёстры, сваякі сваім прыкладам дапамагаюць нам адкрыць сэрцы, каб вітаць Езуса”, - звярнуў увагу літургіст.

Абгрунтоўваючы папскае рашэнне ўнесці ў Агульны рымскі каляндар успамін брата і сясцёр з Бэтаніі, Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў нагадала, што ў іх доме Езус адчуў сямейную і сяброўскую атмасферу. Марта шчодра прапанавала Яму гасціннасць, Марыя паслухмяна прымала Яго словы, і Лазар хутка выйшаў з магілы па загадзе Таго, Хто прынізіў смерць.
 

16 лютага 2021, 12:11