Святы Айцец заклікаў да еднасці Супольнасць у Бозэ
18 сакавіка 2021 г. Святы Айцец скіраваў да яе новага кіраўніцтва спецыяльны ліст, у якім запэўніў у блізкасці і падтрымцы падчас цяжкасцей.
У лютым Апостальская Сталіца прадпісала заснавальніку Супольнасці Энца Б’янкі і некалькім яго сабратам пакінуць кляштар. Рашэнне было прынята па выніках візітацыі, выкліканай паведамленнямі аб напружанай сітуацыі, звязанай з ажыццяўленнем улады заснавальніка, кіраваннем супольнасцю і братэрскімі зносінамі.
Францішак заклікаў членаў Супольнасці ў Бозэ працягваць братэрскае жыццё ў любові і падкрэсліў, што яе экуменічнае вымярэнне з’яўляецца “каштоўным скарбам, які Касцёл прагне абараняць, пільнуючы яго сапраўднасць і плённасць”. Папа заклікаў не паддавацца “галасам, якія жадаюць пасеяць нязгоду” паміж манахамі, але бараніць братэрскую еднасць, нават калі кошт гэтага высокі.
Супольнасць, размешчаная ў Бозэ, у паўночнаітальянскім рэгіёне П’емонт, была заснавана ў 1965 г. Энца Б’янкі. Яе члены жывуць у цэлібаце, супольным карыстанні дабротамі і паслухмянасці Евангеллю. Пасля крызісу, выкліканага адхіленнем Б’янкі ад кіравання Супольнасцю, новым настаяцелем быў прызначаны Лучана Манікардзі.