Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў вечарыну памяці праваслаўнага Мітрапаліта Філарэта. Мерапрыемства прайшло ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і было прымеркавана да дня нараджэння спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які нарадзіўся 21 сакавіка 1935 г. Нагадаем, іерарх адышоў у вечнасць 12 студзеня 2021 г. на 86-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы. Як адзначыў каталіцкі іерарх, Мітрапаліт Філарэт застаўся ў сэрцах вернікаў як чалавек глыбокай духоўнасці, які спяшаўся дапамагчы кожнаму. Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, іерарх быў прыхільнікам братняга дыялогу з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў краіне, ён зрабіў вялікі ўнёсак у асвету і духоўнае ўзрастанне хрысціян.

У дзень Звеставання Пана, калі таксама адзначаецца Сусветны дзень святасці жыцця, каталіцкія вернікі пачалі традыцыйную 9-месячную малітву за ненароджаных дзяцей, якім пагражае аборт. Гэтая малітва доўжыцца да Божага Нараджэння. Каб змагацца за жыццё зачатага дзіцяці, вернікі абавязаліся штодня чытаць спецыяльную малітву, выконваць у гэтай інтэнцыі якую-небудзь добрую справу і маліцца на Ружанцы. Лічыцца, што ўдзел у духоўным усынаўленні асабліва важны для сужэнцаў, якія не вырашаюцца на чарговага дзіцяці. Праз гэтую малітву Дух Святы дапамагае бацькам даверыцца Пану ў справе новага жыцця. Каталіцкія біскупы Беларусі благаславілі вернікаў на ўдзел у малітоўнай акцыі Духоўнага ўсынаўлення і заклікалі далучыцца да ініцыятывы.

Стаў вядомы расклад тэлетрансляцый на Святы Пасхальны Трыдуум. Тым, хто па стане здароўя або з іншых прычын не зможа наведаць сваю парафію, Белтэлерадыёкампанія прапануе шэраг прамых трансляцый з мінскай архікатэдры і з Ватыкана. У Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу канал Беларусь 3 у 19.00 запрашае да прагляду набажэнства Мукі Пана з Мінску, якое ў пятнічным эфіры працягнецца паказам Крыжовага шляху з плошчы св. Пятра ў 23.35. 3 красавіка ў 21:45 на Беларусь 1 адбудзецца жывая трансляцыя Імшы Пасхальнай Вігіліі, а 4 красавіка велікодная раніца пачнецца са слова біскупа Казіміра Велікасельца. Таксама ў Вялікдзень у 16.30 на Беларусь 3 будзе паказана Пасланне і благаслаўленне Urbi et Orbi Святога Айца. Жывыя трансляцыі набажэнстваў Пасхальнага Трыдуума ў інтэрнэце будуць таксама ладзіць многія парафіі ў Беларусі.

Тым часам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў спецыяльнае паведамленне адносна сёлетніх цэлебрацый набажэнстваў Вялікага тыдня ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Ён пастанавіў захоўваць мінулагоднія распараджэнні і рэкамендацыі, якія датычаць цэлебрацый Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдуума. У прыватнасці, Імшу Вячэры Пана належыць цэлебраваць без абраду абмывання ног. Ёсць змены ў Літургіі Мукі Пана ў Вялікую пятніцу: у агульнай малітве трэба дадаць інтэнцыю аб спыненні пандэміі, акт адарацыі Крыжа праз уцалаванне здзяйсняе толькі цэлебрант. Што тычыцца Пасхальнай вігіліі, то яе будуць цэлебраваць паводле звычайнага парадку. Рэзурэкцыйная працэсія можа адбыцца паводле мясцовага звычаю, але яе можна і не праводзіць. Падчас цэлебрацыі ўсіх набажэнстваў трэба захоўваць умеркаванасць і разважлівасць, пазбягаючы празмернага падаўжэння часу правядзення літургіі, адзначаецца ў паведамленні.

20 сакавіка ў салезіянскай парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся першы ў гісторыі Беларусі дзень салезіянскай духоўнасці. На сустрэчу прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, прадстаўнікі салезіянаў супрацоўнікаў і аніматараў з усёй краіны. Цэлебрацыю св. Імшы, якою распачалася сустрэча, узначаліў рэгіянальны настаяцель таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч. Падчас сустрэчы сабраныя разважалі над дэвізам салезіянскай сям’і на 2021 год “Натхнёныя надзеяй”, які па традыцыі абірае Генеральны настаяцель таварыства.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by, tvr.by і ўласнай інфармацыі.
 

27 сакавіка 2021, 10:36