У Асізі працягваецца малітва за мір, распачатая Янам Паўлам II
У рамках гэтай ініцыятывы кожны месяц устанаўліваецца канкрэтная інтэнцыя малітвы за мір з улікам бягучай сітуацыі ў свеце. З 27 сакавіка 2021 г. мэтай малітваў з'яўляецца Мазамбік, прыгнечаны моцным ісламісцкім наступам.
“Мы абралі Мазамбік у гэтым месяцы, бо з краіны прыходзяць жахлівыя навіны пра канфлікты. Мы ў шоку, калі, напрыклад, чуем, як адсякаюць галовы непаўналетнім. Таму адчуваем, што неабходна аб'яднаць нашы сілы ў агульнай малітве, молячы Пана аб навяртанні сэрцаў і аднаўленні міру”, - сказаў Vatican News арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна.
Біскуп Асізскі нагадаў, што самую высокую цану плацяць нявінныя дзеці. “Хацеў бы адзначыць, што за мір у свеце мы молімся ў Асізі пастаянна, заўсёды звяртаючы ўвагу на асобную краіну або на нейкі канкрэтны аспект рэчаіснасці, які патрабуе нашай агульнай малітвы”, - сказаў іерарх.
Тым часам у Мазамбіку сітуацыя становіцца ўсё больш драматычнай. Узмацнілася наступленне ісламістаў. На гэты раз мішэнямі нападу сталі гарады Мангуна і Пальма. Улады прызналі, што не могуць ацаніць колькасць ахвяр. Мірныя жыхары схаваліся ў гарах. Паводле ацэнак, у гэтым рэгіёне Мазамбіка палова насельніцтва ўжо пакінула свае дамы. Сярод іх ёсць дзеці, якія засталіся без нагляду дарослых.
Нагадаем, што ў верасні 2019 г. Францішак быў у Мазамбіку з Апостальскім візітам. Ён заклікаў палітычны клас краіны да мужнасці, якая праяўляецца не ў “зверскай моцы і жорсткасці”, а “ў нястомным пошуку ўсеагульнага дабра”. Мір, нагадаў тады Пантыфік, патрабуе казаць з рашучасцю, але без фанатызму, з мужнасцю, але без экзальтацыі, з цвёрдасцю, але разумна: “не” – жорсткасці, якая разбурае, “так” – згодзе і прымірэнню.