100 год з дня нараджэння арганізатара пілігрымак Яна Паўла ІІ
Тучы нарадзіўся ў Неапалі, дзе пазнаёміўся з езуітамі. Яго маці была англіканскай веры, але з часам перайшла ў каталіцызм. Яе ахрысціў сын – каталіцкі святар, які ўжо раней, у 14 гадоў, стаў часткай супольнасці Каталіцкага Касцёла. Лічыцца, што ён быў першым святаром, які пачаў кантактаваць з Сусветнай радай Цэркваў, што дзейнічала тады ў прасторы пратэстанцкіх супольнасцей.
Сваю місію ў Таварыстве Езуса Тучы распачаў з вывучэння тэалогіі ў экуменічным накірунку. З часам, дзякуючы сваім шматлікім талентам у сферы культуры і камунікацыі, быў прызначаны галоўным рэдактарам езуіцкага выдання La Civiltà Cattolica, якое вывеў з абарончых пазіцый на шлях дыялогу з сучасным светам.
Другі Ватыканскі Сабор перажываў знутры – як эксперт. Удзельнічаў у стварэнні душпастырскай канстытуцыі пра Касцёл Gaudium et spes. Блізка кантактаваў са св. Янам XXIII. Набліжаў і тлумачыў журналістам дух Сабору, увядзенне новых змен і тэксты дакументаў. Дзякуючы валоданню асноўнымі мовамі не меў бар’ераў у камунікаванні. Добра разумеў важныя пытанні журналістаў, а таксама сутнасць паслання Сабору, і таму мог казаць пра яго на зразумелай мове.
Пазней стаў генеральным дырэктарам Ватыканскага радыё, а пасля і галоўным арганізатарам папскіх падарожжаў, якія ў час пантыфікату Яна Паўла ІІ сталі частымі.
Кс. Ламбардзі адзначыў уменне кардынала Тучы весці дыялог і яго дыпламатычныя здольнасці. На працягу 20 гадоў падчас арганізацыі папскіх візітаў ён павінен быў сустракацца з асобамі на высокіх касцёльных і дзяржаўных пасадах, не толькі суправаджаў Папу падчас самой пілігрымкі, але і перад ёй павінен быў не раз прыбыць на месца, каб вырашыць складаныя арганізацыйныя пытанні.
Заслужаны езуіт памёр 14 красавіка 2015 г. у Рыме.