Пошук

Ілюстрацыйнае фота www.catholic.by Ілюстрацыйнае фота www.catholic.by 

30-я гадавіна адраджэння касцёльных структур у Беларусі

13 красавіка 1991 г. – важная дата ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. 30 гадоў таму св. Ян Павел ІІ выдаў булу аб заснаванні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі.

З гэтага папскага дакумента пачаўся доўгі і складаны працэс адраджэння касцёльных структур на тэрыторыі краіны. Сімвалічна, што дакумент быў абнародаваны праз некалькі тыдняў пасля святкавання Вялікадня, нібыта нагадваючы ўсім, што пасля пакут і смерці, вытрываных з верай, заўсёды наступае новае жыццё.

У той красавіцкі дзень, калі сэрцы вернікаў напаўняла пасхальная радасць і прырода ажывала пасля халоднай зімы, пасля перыяду ганенняў паўстаў да новага жыцця і Касцёл на беларускай зямлі.

Першымі промнямі світанку ўваскрасення Касцёла стала прызначэнне ў 1989 г. пробашча парафій Маці Божай Анёльскай і св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, кс. Тадэвуша Кандрусевіча біскупам Мінскім і Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Дагэтуль беларускія католікі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў не мелі пастыра.

Мінула яшчэ тры гады і падчас свайго прабывання ў марыйным санктуарыі ў Фаціме св. Ян Павел ІІ абвясціў аб яшчэ адным важным рашэнні. Як Уваскрослы Езус з’явіўся перад сваімі вучнямі ў новым целе, так і Касцёл на тэрыторыі нашай краіны павінен быў заіснаваць у новай форме.

Булай Ex quadam Пантыфік стварыў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія была створана ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская – у межах Гродзенскай вобласці, Пінская – у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

У той жа дзень св. Ян Павел ІІ прызначыў пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску, кс. Казіміра Свёнтка арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні, кс. Аляксандр Кашкевіч быў прызначаны Біскупам Гродзенскім.

У 1999 г. Ян Павел ІІ заснаваў Віцебскую дыяцэзію ў межах аднайменнай вобласці і прызначыў яе біскупам пробашча магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, кс. Уладзіслава Бліна.

За 30 гадоў з’явіліся новыя біскупы, вырасла колькасць святароў, законнікаў і законніц, колькасць парафій дасягнула амаль 500, пашыраецца ўклад свецкіх вернікаў у жыццё каталіцкіх супольнасцей, дзейнічаюць дзве семінарыі, некалькі навучальных устаноў, выдавецтвы, дабрачынныя структуры, СМІ. Касцёл у Беларусі як закваска імкнецца спрыяць зменам у грамадскім жыцці. Яго новая гісторыя толькі пачынаецца, а евангельскія словы з дэвізу 2021 пастырскага года: “Брамы пякельныя не перамогуць яго“ (Мц 16, 18)” даюць надзею на тое, што ў еднасці з Хрыстом наш Касцёл пераадолее ўсе цяжкасці, а значыць Бог на Беларусі будзе жыць.
 

13 красавіка 2021, 12:43