Пошук

Св. Ян Павел ІІ і кардынал Стэфан Вышынскі Св. Ян Павел ІІ і кардынал Стэфан Вышынскі 

Новая дата беатыфікацыі кардынала Стэфана Вышынскага

12 верасня 2021 г. адбудзецца беатыфікацыя кардынала Стэфана Вышынскага, арцыбіскупа-мітрапаліта Гнезна і Варшавы і Прымаса Польшчы, мужнага сведкі веры падчас камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Першапачаткова цырымонія была запланавана на 7 чэрвеня 2020 г., але была перанесена ў сувязі ў пандэміяй каронавіруса. Беатыфікацыя пройдзе на плошчы маршала Юзафа Пілсудскага ў цэнтры Варшавы. Яе ўзначаліць кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

Разам з кардыналам Вышынскім будзе беатыфікавана с. Эльжбета Ружа Марыя Чацка, польская законніца, якая аслепла ў выніку дарожнага здарэння і прысвяціла сваё жыццё менавіта служэнню невідушчым.

Стэфан Вышынскі нарадзіўся ў 1901 г. У часы Другой сусветнай вайны быў капеланам Арміі Краёвай. Прымаў удзел у ратаванні яўрэяў ад нацыстаў. У 1946 г. Пій ХІІ прызначыў яго біскупам Люблінскім, а ў 1948 г. арцыбіскупам-мітрапалітам Гнезна і Варшавы і Прымасам Польшчы. Іерарх выступаў супраць умяшання камуністычных уладаў у справы Касцёла і рэпрэсій у адносінах да духавенства і каталіцкага друку.

У студзені 1953 г. быў прызначаны кардыналам, але з-за супрацьдзеяння камуністычных уладаў не змог выехаць у Рым, каб атрымаць атрыбуты кардынальскай годнасці. У верасні таго самага года быў арыштаваны. У нататках, напісаных у няволі, нязломны Прымас адзначаў: “Самы вялікі грэх апостала – гэта страх. Страх апостала – гэта першы хаўруснік яго ворагаў”. Іерарх выйшаў на свабоду ў 1956 г.

Прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы, ініцыяваў шырокае святкаванне Тысячагоддзя хросту Польшчы. У 1980 г. быў пасярэднікам паміж уладамі і прафсаюзам “Салідарнасць”. Памёр 28 мая 1981 г., праз пятнаццаць дзён пасля замаху на Яна Паўла ІІ.

Беатыфікацыйны працэс “Прымаса тысячагоддзя”, як прынята называць кардынала Вышынскага ў Польшчы, распачаўся ў 1989 г. 18 снежнz 2017 г. Францішак ухваліў дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі аб прызнанні гераічнасці яго цнотаў, а 2 кастрычніка 2019 г. – аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва іерарха. Гаворка ідзе пра аздараўленне жанчыны, хворай на анкалогію.
 

24 красавіка 2021, 09:42