Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас св. Імшы ў Мілане Кардынал П'етра Паралін падчас св. Імшы ў Мілане  

Дзяржсакратар пра місію каталіцкага ўніверсітэта

Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у святкаванні 100-годдзя Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса – адной з самых прэстыжных навучальных устаноў у Еўропе, сядзіба якога знаходзіцца ў Мілане.

18 красавіка 2021 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы ўзначаліў урачыстую св. Імшу ва ўніверсітэцкім касцёле, падчас якой нагадаў, што пакліканне гэтай навучальнай установы заключаецца ў “адкрыцці розуму” маладых людзей не толькі на веды, але таксама на мудрасць, аб’яўленую Езусам.

Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра аб’яўленне Уваскрослага Езуса ў вячэрніку, кардынал Паралін заўважыў, што вучні напалохаліся, убачыўшы Хрыста, бо лічылі, што Ён прыйшоў звесці з імі рахункі за тое, што здрадзілі і пакінулі Яго. Памылковае і скажонае ўяўленне аб Богу з’яўляецца плёнам “нашых праекцый і страхаў”. Езус жа паказаў ім свае раны, якія з’яўляюцца адкрытымі каналамі Божай міласэрнасці да людзей.

Іерарх заклікаў універсітэцкую супольнасць без страху прыняць Пана ў “самыя глыбокія куткі свайго жыцця”, у тым ліку ў сферу прафесійнай дзейнасці.

“Не бойцеся перыяду, які здаецца нетрывалым і поўным эпахальных перамен. Не бойцеся таго, што папа Францішак, з суровасцю і рэалізмам, акрэсліў як “адукацыйная катастрофа”, заклікаючы сем’і, супольнасці, школы, універсітэты, рэлігіі, кіраўнікоў дзяржаў, усё чалавецтва прыняць захады на карысць “фармацыі сталых людзей” і дапамагчы моладзі быць галоўнымі дзеючымі асобамі новага шляху”, - заклікаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Адмысловы заклік з нагоды 100-годдзя Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса скіраваў падчас малітвы Уладарка Неба 18 красавіка 2021 г. і папа Францішак. Ён падкрэсліў, што ўстанова здзяйсняе “каштоўнае служэнне для фармацыі новых пакаленняў” і пажадаў універсітэту “працягваць выконваць сваю адукацыйную місію, каб дапамагаць моладзі быць галоўнымі героямі будучыні, поўнай надзеі”.
 

19 красавіка 2021, 11:10