Пошук

Папа Францішак і кардынал Крысціян Тумі Папа Францішак і кардынал Крысціян Тумі 

Францішак моліцца аб вечным супакоі для кардынала Тумі

Пантыфік выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю камерунскага кардынала Крысціяна Війгана Тумі. Іерарх адышоў у вечнасць 3 красавіка 2021 г. у горадзе Дуала ў 90-гадовым узросце.

У спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя арцыбіскупа Дуалы Самуэля Кледы, Папа з удзячнасцю ўзгадаў афрыканскага іерарха, які “пакінуў незабыўны след у Касцёле і грамадска-палітычным жыцці сваёй краіны, праяўляючы нязменную мужнасць у абароне дэмакратыі і прасоўванні правоў чалавека”. Кардынал Тумі заўсёды быў гатовы служыць справе супакою і прымірэння, - дадаў Пантыфік, запэўніваючы ў малітве за спачылага.

Крысціян Війган Тумі нарадзіўся ў 1930 г. у горадзе Кікайкелаке ў Камеруне. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1966 г. Працягваў вучобу ў Нігерыі, Вялікабрытаніі, Францыі і Швейцарыі. Абараніў доктарскую дысертацыю ва Універсітэце Фрыбурга.

Пасля вяртання ў Камерун кіраваў духоўнай семінарыяй у архідыяцэзіі Бамэнды. У 1980 г. стаў біскупам, а ў 1988 г. – кардыналам. Займаў пасаду старшыні епіскапату Камеруна і кіраўніка Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM). Быў членам розных дыкатэрый Рымскай курыі.

Кардынал Тумі карыстаўся бясспрэчным маральным аўтарытэтам у Камеруне, спрыяў развіццю экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, выступаў супраць карупцыі, сацыяльнай несправядлівасці, усіх форм этнічнай і рэлігійнай дыскрымінацыі, за што быў адзначаны мноствам нацыянальных і міжнародных узнагарод. Актыўна падтрымліваў цэнтры духоўнай падрыхтоўкі, школы, медыцынскія структуры, маючы асаблівую ўвагу да самых бедных і адрынутых.

Пасля смерці кардынал Тумі Калегія кардыналаў складаецца з 266 іерархаў, з якіх 126 маюць права голасу на канклаве.
 

05 красавіка 2021, 12:30