Францішак спачувае ў сувязі са смерцю карэйскага кардынала
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік скіраваў спачувальную тэлеграму на імя кардынала Эндру Ём Су Чжуна, арцыбіскупа Сеула, у якой выказаў свае спачуванні карэйскаму духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам і запэўніў іх у сваёй малітве.
У пасланні гаворыцца, што Святы Айцец разам з імі ўзносіць падзяку “за шматгадовае служэнне кардынала Джын Сона Касцёлу ў Карэі і Апостальскай Сталіцы”, а таксама запэўнівае ў еднасці ўсіх, хто “прыняў удзел у пахавальнай св. Імшы, даручаючы яго высакародную душу спагадлівай любові Хрыста, Добрага Пастыра”.
Нікалас Чонг Джын Сон нарадзіўся ў 1931 г. у каталіцкай сям’і ў Сеуле. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1961 г. Займаўся душпастырскай і выхаваўчай дзейнасцю. Пасля вучобы ў Папскім універсітэце Урбаніянум у Рыме вярнуўся ў Карэю. У 1970 г. прызначаны біскупам дыяцэзіі Чхонджу. З 1996 па 1999 гг. быў старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Карэі. З 1998 г. па 2012 г. – арцыбіскуп-мітрапаліт Сеула. Кардынальскую годнасць атрымаў у 2006 г.
Са смерцю кардынала Джын Сона Калегія кардыналаў складаецца з 223 іерархаў, з якіх 126 з’яўляюцца выбаршчыкамі.