Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец да вернікаў: рабіце ўсё, што вам скажа Езус

Святы Айцец скіраваў прывітанне да польскі вернікаў з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы, якая будзе адзначацца ў суседняй краіне 3 мая.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З XVIІ ст. польскі народ называе Маці Божую гэтым тытулам, аддаючыся Яе матчынай апецы і абавязваючыся верна служыць на карысць Валадарства Яе Сына. Памятаючы пра абяцанні, якія вашыя продкі склалі на Яснай Гары, таксама ў нашыя цяжкія часы верна выконвайце заўсёды актуальны заклік Марыі і рабіце ўсё, што вам скажа Езус”, - заклікаў Папа.

Каралевай Польшчы Найсвяцейшую Панну Марыю абвясціў 1 красавіка 1656 г. кароль Ян Казімір, падчас так званых “львоўскіх абяцанняў”, складзеных у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Львове. Аўтарам урачыстага тэксту, які прачытаў манарх і прадстаўнікі шляхты, быў св. Андрэй Баболя.

На той час Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны з Швецыяй і Расіяй, а большая часткай яе тэрыторыі была занята праціўнікам. У гэтых неспрыяльных абставінах кароль Ян Казімір прыняў рашэнне даручыць краіну асаблівай апецы Маці Божай. У 1764 г. сейм Рэчы Паспалітай абвясціў Каралевай Польшчы Маці Божую Чэнстахоўскую.

У 1923 г. тагачасная Кангрэгацыя па святых абрадах і цырымоніях прызначыла свята ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы. Яно адзначалася 3 мая, а ў 1969 г. было ўзвышана да рангу ўрачыстасці.
 

28 красавіка 2021, 12:09