Сірыйскі іерарх: Уваскрослы – адзіная крыніца надзеі для вернікаў
Мараніцкі арцыбіскуп Алепа Джозэф Табджы распавёў Vatican News, што перажыць актуальны перыяд сірыйскім хрысціянам дапамагае толькі вера. “Адзіная надзея для нас – Уваскрослы Езус. Усё астатняе – у цемры”, - падкрэсліў іерарх, тэрыторыя архідыяцэзіі якога стала арэнай найбольшых разбурэнняў вайны.
Арцыбіскуп Табджы адзначыў, што вернікі масава ўдзельнічалі ў велікодных цэлебрацыях . Касцёлы былі поўныя людзей, а літургічныя цырымоніі – старанна падрыхтаваны.
“Гэта нагадвае цудоўны час перад канфліктам. Адзіная радасць і святло ў цёмным тунэлі – гэта Уваскрасенне. Усё іншае – цемра. Цяжкі эканамічны крызіс і жудасная беднасць паралізуюць краіну. Сярэдняга заробку сям’і хапае на тое, каб зрабіць пакупкі ўсяго на некалькі дзён. Гледзячы на Сірыю толькі па-чалавечы, у нас няма надзеі. Але Пан ведае як уратаваць нас ад гэтага жудаснага гнёту. Патрэбны давер і малітва, як у вучняў, што крычалі падчас буры ў моры: “Пане, ратуй нас, мы тонем!”, - падзяліўся сірыйскі іерарх.
Арцыбіскуп распавёў, што многія маладыя сірыйскія хрысціяне ўсё часцей задумваюцца пра эміграцыю. “І мы нічога не можам з гэтым зрабіць, сведкаў веры становіцца ўсё менш і менш з кожным днём. На шчасце, у нас ёсць падтрымка Паўсюднага Касцёла, але гэтага недастаткова. Мы адчуваем сябе цалкам пакінутымі міжнароднай супольнасцю. На што спадзявацца, калі адзіны інструмент, які выкарыстоўваецца – гэта чарговыя санкцыі? Нам трэба крыху міласэрнасці, але я сумняваюся, што мы атрымаем яе ад палітыкаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Табджы.