Пошук

belarus-daily-life-1539342683288.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Тыдзень прайшоў пад знакам радаснага юбілею – 30-й гадавіны адраджэння касцёльных структур у Беларусі. 13 красавіка 1991 г. св. Ян Павел ІІ выдаў булу аб заснаванні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі. З гэтага папскага дакумента пачаўся доўгі і складаны працэс адраджэння касцёльных структур на тэрыторыі краіны. У той жа дзень св. Ян Павел ІІ прызначыў пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску, кс. Казіміра Свёнтка арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні, кс. Аляксандр Кашкевіч быў прызначаны Біскупам Гродзенскім.

З нагоды юбілею да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што сёння Касцёл у Беларусі сапраўды можа ганарыцца добрымі і братэрскімі адносінамі з іншымі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой. “Такія адносіны даюць новыя магчымасці для адказу на небяспечныя выклікі часу, перадусім для абароны сям’і, Божага дару жыцця, хрысціянскіх маральных каштоўнасцей, а таксама ўкаранення прынцыпаў здаровага сацыяльнага вучэння ў нашым грамадстве. Толькі разам мы можам эфектыўна супрацьстаяць шматлікім паталогіям сучаснасці, прычынай якіх з’яўляецца адыход ад Бога”, - падкрэсліў іерарх.

Апостальскі нунцый у Беларусі павіншаваў з юбілеем Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца і вернікаў. Прадстаўнік Папы заўважыў, што духавенства і вернікі доўгія дзесяцігоддзі цярпелі пераслед за сваю веру і далі сведчанне непахіснай вернасці Хрысту і Яго Касцёлу сярод жорсткіх выпрабаванняў. “За тры дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, Касцёл у Беларусі адрадзіўся і сёння па праве ганарыцца добрым плёнам евангельскай руплівасці яго шматлікіх дачок і сыноў: свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб і духоўных пастыраў”, - лічыць Апостальскі нунцый.

Таксама 30-годдзе з дня заснавання Гродзенскай дыяцэзіі ўрачыста адзначылі ў Гродне. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у сваім пастырскім лісце з гэтай нагоды звярнуў увагу на жывую веру і прывязанасць да Касцёла, якія жылі ў сэрцах вернікаў падчас ганенняў. “Асноўная перадача веры здзяйснялася найперш у хрысціянскіх сем’ях. Чарговыя пакаленні вернікаў ад уласных бацькоў, дзядуляў і бабуляў вучыліся малітве, пазнавалі праўды веры з катэхізіса, чулі заснаванае на Божым слове бачанне чалавека і свету. Гэтая традыцыйная, вынесеная з роднага дому, глыбока ўкаранёная ў сэрцах вера стала трывалым фундаментам, на якім з хвіліны ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі распачалося адбудоўванне рэлігійнага і касцёльнага жыцця”, - напісаў іерарх.

У Будслаў зноў не будзе арганізаваных пілігрымак, а новым старшынёй Канферэнцыі Біскупаў абраны біскуп Алег Буткевіч – такімі сталі галоўныя рашэнні пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прымеркаванага для юбілею адраджэння структур Касцёла ў рэспубліцы. Пасада старшыні Канферэнцыі вызвалілася пасля выхаду на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Біскуп Буткевіч, гэты адзін з самых маладых іерархаў у Беларусі. Яму 49 гадоў, ён родам з Браслава, а біскупам стаў у 2014 г. Віцэ-старшынёй стаў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння абмеркавалі правядзенне ўрачыстасцеў у Будславе ў 2021 г. Як і летась, арганізаваныя пілігрымкі да абраза Маці Божай сёлета вырашылі не праводзіць – з прычыны па-ранейшаму складанай эпідэмічнай сітуацыі. Але традыцыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будуць – з захаваннем належных санітарных прадпісанняў. Яны пройдуць сёлета 2-3 ліпеня ў звычайным фармаце.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

17 красавіка 2021, 11:00