У межах Года Сям’і арганізоўваюцца вэбінары па абароне дзяцей
Некалькі дзён таму серыю такіх вэбінараў арганізавала Сусветная унія каталіцкіх жаночых арганізацый. У сустрэчы брала ўдзел падсакратар ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Лінда Гізоні, якая нагадала, што падчас пандэміі моцна вырас узровень насілля ў сем’ях, таксама ў адносінах да дзяцей.
“Мы павінны аднавіць сям’ю як вартаўніка бяспечных і здаровых адносін”, - падкрэсліла Гізоні, і ўказала, што гэта патрабуе нястомнай фармацыі і рэалізацыі добрых намаганняў у сферы абароны наймалодшых.
Фармацыйная ініцыятыва арганізоўваецца з мэтай “нанова паказаць свету Божы план для сям’і”. Менавіта сям’я паклікана абараняць аўтэнтычныя адносіны, якія нараджаюцца ў любові і спрыяюць здароваму сталенню чалавека.
“Таму гэты Год дае нам магчымасць прамовіць да сем’яў, якія жывуць у розных культурах і геаграфічных абшарах свету, каб яны не адчувалі сябе самотнымі перад абліччам цяжкасцей, каб выслухаць іх і рэалізаваць душпастырскія ініцыятывы, якія дапамогуць аберагаць у іх штодзённую любоў”, - дадала супрацоўніца Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.