Апостальская візітацыя пройдзе ў Кёльнскай архідыяцэзіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Візітацыю правядуць шведскі кардынал Андэрс Арбарэліюс, пастыр Стакгольмскай дыяцэзіі, і біскуп Ёганэс ван дэр Гендэ, пастыр Ратэрдамскай дыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Нідэрландаў.
Апостальская нунцыятура ў Германіі паведаміла, што ў першай палове чэрвеня пасланнікі Святога Пасаду павінны будуць пазнаёміцца з агульнай душпастырскай сітуацыяй у Кёльнскай архідыяцэзіі, а ў той жа час прааналізаваць магчымыя памылкі, дапушчаныя яе пастырам, кардыналам Райнэрам Марыя Вёльке, арцыбіскупам Гамбургскім Стэфанам Гесэ, а таксама дапаможнымі біскупамі Кёльнскай архідыяцэзіі Дамінікусам Швадэрлапам і Ансгарам Пуфам, у пытаннях, звязаных са злоўжываннямі сексуальнага характару.
Рашэнне аб візітацыі было прынята пасля абнародавання 18 сакавіка 2021 г. “Незалежнай справаздачы адносна барацьбы супраць злоўжыванняў сексуальнага характару ў Кёльнскай архідыяцэзіі”, якую на замову кардынала Вёльке падрыхтавала юрыдычная кампанія Gercke & Wollschläger. Дакумент аб’ёмам у больш чым 800 старонак, ахоплівае перыяд з 1975 па 2018 гг., і быў створаны з мэтай выяўлення магчымых занядбанняў і парушэнняў, а таксама ўстанаўлення адказных. У ім гаворыцца пра 314 пацярпелыя асобы, з якіх усе акрамя адной былі непаўналетнімі, а таксама пра 212 вінаватых, амаль дзве трэці з якіх – прадстаўнікі духавенства.
“Я з прыхільнасцю прымаю той факт, што Папа жадае шляхам Апостальскай візітацыі даць асабістую адзнаку незалежнаму даследаванню і яго высновам. З поўнай перакананасцю буду падтрымліваць кардынала Арбарэліюса і біскупа Ван дэр Гендэ ў іх працы. Прымаю ўсё тое, што паслужыць аб’ектыўнай пераправерцы”, - падкрэсліў кардынал Райнэр Марыя Вёльке.