Біскуп Яшэўскі аб Будславе: разлічваем на салідарнасць Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як распавёў Беларускай рэдакцыі Vatican News біскуп Аляксандр Яшэўскі, на дадзены момант забаронена эксплуатацыя будынка храма, з дазволу следчых ідзе разбор рэшткаў згарэлай страхі. “Таксама працягваюцца работы па разборы завалаў на даху бакавых нефаў, абгарэлых частак унутры храма, для прасушкі былі падняты на спецыяльныя падстаўкі алтары і лаўкі, вядуцца работы па прасушцы органа”, - падзяліўся апошнімі навінамі іерарх.
Старшыня антыкрызіснай камісіі нагадаў, што інфармацыя пра задымленне на даху касцёла ў Будславе паступіла ратавальнікам у 7.47 раніцы 11 мая 2021 г. ад пробашча, кс. Дзмітрыя Дубовіка, а ўжо праз 4 хвіліны падраздзяленне МНС прыбыло на месца.
Адразу ж была арганізавана эвакуацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, абраза Маці Божай Будслаўскай, іншых каштоўнасцей. “Усё ўдалося выратаваць. Будслаўскі абраз зараз знаходзіцца пад аховай. У будынку касцёла застаўся толькі арган, які немагчыма было вынесці. Каля яго дзяжурылі ратавальнікі МНС, засцерагаючы ад агню”, - пацвердзіў біскуп Яшэўскі.
Што тычыцца наступных крокаў, адзначыў старшыня камісіі, у бліжэйшы час будзе падпісана дамова з экспертнай арганізацыяй на абследаванне храма, каб па яго выніках замовіць дакументацыю па аднаўленні.
Акрамя таго, на рэканструкцыю спатрэбіцца дазвол ад Міністэрства культуры Беларусі. “Заўтра я сустракаюся з Наталляй Хвір, начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі па пытанні Будслава. Акрамя таго, камісія ўжо наладзіла кантакты з нацыянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі, якія хочуць супрацоўнічаць у рэканструкцыі касцёла. А што тычыцца маштабнага збору ахвяраванняў, то людзі да гэтага дня ўжо пералічылі каля 170 тыс. беларускіх рублёў. Усім, хто ахвяраваў – велізарная падзяка! Мы спадзяёмся, што таксама Святы Айцец, даведаўшыся пра пажар, засведчыць сваю салідарнасць”, - пракаментаваў сітуацыю біскуп.
Сказаць пра прычыну ўзнікнення пажару пакуль немагчыма, дадаў іерарх, ідзе комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза. Следчы камітэт Беларусі напярэдадні завёў крымінальную справу па артыкуле “Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры”.