Пошук

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса, арцыбіскуп Вэстмінстэрскі, кардынал Вінсэнт Нікалс Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса, арцыбіскуп Вэстмінстэрскі, кардынал Вінсэнт Нікалс 

Епіскапат Англіі і Уэльса: вярнуць належнае месца Эўхарыстыі

Епіскапат Англіі і Уэльса назваў галоўныя выклікі для Касцёла ў пасляпандэмічны перыяд. На першае месца біскупы ставяць вяртанне да практыкавання жывой веры ў супольнасці Касцёла.

“Найсвяцейшая ахвяра св.Імшы з’яўляецца рухаючай сілай Касцёла. Яна патрабуе актыўнага ўдзелу і фізічнай прысутнасці. Нядзельнай Эўхарыстыі трэба вярнуць належнае месца ў нашым жыцці”, – падкрэслілі біскупы ў разважанні пад назвай Дзень Пана.

Іерархі дакладна ідэнтыфікуюць групы людзей, якіх адасобіла пандэмія. Гэта тыя, хто страціў навык удзелу ў Эўхарыстыі, а таксама людзі, расчараваныя мадэллю каталіцкага культу, якую яны ведалі да пандэміі. Біскупы лічаць, што існуе прорва паміж духоўным вымярэннем жыцця гэтых людзей і выражэннем іх духоўнасці ў супольнасці. Трэцяя група – гэта тыя, хто падчас пандэміі ўпершыню сустрэўся з Каталіцкім Касцёлам.

У пасланні на час “пасля пандэміі” біскупы падкрэслілі моцныя бакі, “сапраўдныя скарбы” Каталіцкага Касцёла, якімі ён можа карыстацца, каб адказаць на выклікі. Самым вялікім з’яўляецца сакрамэнтальнае жыццё Касцёла, а яго цэнтр – Эўхарыстыя.

“Перад намі стаіць заданне клапаціцца пра сэнс нядзелі як штотыднёвы дар ад Бога для Яго народа, як чагосьці, без чаго мы не можам абысціся”, – звярнулі ўвагу біскупы Англіі і Уэльса і назвалі нядзельную Эўхарыстыю “ежай для выключнай місіі, якою мы былі адораны”, а таксама “душой тыдня, якая асвятляе і надае значэнне ўсім абавязкам, якія мы выконваем кожны дзень”.

У разважанні Дзень Пана іерархі таксама выказалі вялікую ўдзячнасць сем’ям, парафіяльным супольнасцям і ўсім, хто нястомна працаваў у шпіталях, дамах апекі, школах і вязніцах.

Словы прызнання англійскія іерархі скіравалі таксама да людзей, якія забяспечвалі ежай тых, хто знаходзіцца ў патрэбе: “Шчодрасць, якая аказвалася пры раздаванні такога мноства пасілкаў, з’яўляецца красамоўным выражэннем міласэрнасці, любові і спачування, якое знаходзіцца ў самым сэрцы Бога. Многіх вернікаў узрушыла радасць спаткання з Хрыстом у бедных; і многіх бедных узрушыла радасць спаткання з Хрыстом у бескарысных парафіянах”.
 

01 мая 2021, 10:49