Старшыня Папскай рады пра важнасць агульнай даты Пасхі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Розніца, нагадаў іерарх, звязана з тым, што Цэрквы на Захадзе, пачынаючы з XVI ст., вылічаюць дату Пасхі паводле грыгарыянскага календара, таму Урачыстасць заўсёды адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца. У адрозненне ад гэтага, многія Цэрквы на Усходзе да сённяшняга дня прытрымліваюцца юліянскага календара.
Старшыня Папскай рады адзначыў, што падчас Нікейскага Сабора ў 325 г. было ўстаноўлена, што ўсе хрысціяне павінны святкаваць Вялікдзень у нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца і пасля яўрэйскай Пасхі.
"У 2025 г. хрысціянства будзе адзначаць 1700-годдзе Нікейскага Сабора, і ў той год Цэрквы Усходу і Захаду змогуць зноў адзначыць Вялікдзень у адзін дзень, 20 красавіка", - заўважыў кардынал Кох, дадаўшы, што гэты вялікі юбілей можа стаць нагодай, каб “працягнуць нашы намаганні па дасягненні агульнай даты хрысціянскага Вялікадня ў будучыні".
Пра гэта неаднаразова казалі папа Францішак і копцкі праваслаўны Патрыярх Тавадрас II. Канкрэтную прапанову па гэтым пытанні нядаўна абнародаваў грэчаскі праваслаўны архіепіскап Ёў, сустаршыня Аб'яднанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі.
Кардынал нагадаў, што на гэтую тэму выказаўся ў нядаўнім інтэрв'ю L'Osservatore Romano грэчаскі праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Феафіл III. Ён лічыць намаганні знайсці агульную дату не проста важным пастырскім прыярытэтам. Іерарх глыбока перакананы, што Вялікдзень – самае старажытнае і значнае свята ў хрысціянстве, што хрысціянская вера стаіць або падае разам з Вялікаднем і што агульнае святкаванне можа яшчэ больш падкрэсліць гэта асноўнае значэнне. Патрыярх Іерусаліма выказаў гэта жаданне, маючы на ўвазе перш за ўсё экуменічнае падарожжа, накіраванае на аднаўленне адзінства ў хрысціянскай Царкве на Усходзе і на Захадзе ў веры і міласэрнасці.
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму віншуе ўсіх хрысціян, якія святкуюць Пасху па юліянскім календары і жадае глыбокага перажывання пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. “Няхай святло Святога Агню нясе свету цудоўнае пасланне аб тым, што – асабліва падчас пандэміі – апошняе слова не належыць смерці, бо Бог за сабой пакідае апошняе слова, якім з’яўляецца жыццё: Хрістос Анэсці, Алілуя!”, - завяршыў свой артыкул у ватыканскай газеце кардынал Курт Кох.