Анна Марыя Тарантала, старшыня Фонду Centesimus Annus Pro Pontifice Анна Марыя Тарантала, старшыня Фонду Centesimus Annus Pro Pontifice 

Эксперт пра актуальнасць энцыклікі Centesimus Annus

Энцыкліка Centesimus Annus – гэта прарочы дакумент, карысны і сёння, у часы галавакружных змен, - лічыць старшыня Фонду Centesimus Annus Pro Pontifice Анна Марыя Тарантала.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трыццаць гадоў таму св. Ян Павел II напісаў дакумент, які крытычна аналізуе розныя аспекты сацыялістычнай і рынкавай эканомікі, ставячы чалавека ў цэнтры ўсіх эканамічных працэсаў. Ён выйшаў у стагоддзе іншай энцыклікі Rerum Novarum, якой Леў XIII заклаў асновы сучаснай сацыяльнай дактрыны Касцёла.

Тарантала перакананая, што многія моманты ў тэксце таксама сёння цалкам актуальныя: неабходнасць прызнання годнасці працы і работніка, сацыяльнае вымярэнне працы, справядлівая заработная плата, клопат пра бедных і справядлівы прыбытак. Сярод заклікаў энцыклікі – скарачэнне запазычанасці бедных краін і раззбраенне.

Эксперт адзначыла, што на ўзроўні грамадства і нацый няма адзінага меркавання адносна таго, што дакладна трэба рабіць у гэтай галіне. Але ясна адно – неабходна весці шырокую культурную працу, фарміруючы тое, што Ян Павел II называў "культурай народаў". Магчыма, адным з рашэнняў было б узмацненне ролі міжнародных інстытутаў, якія сёння не маюць рэальнай магчымасці дзейнічаць.

У інтэрв'ю Vatican News старшыня Фонду Centesimus Annus падзялілася сваім разважаннем пра тое, як сацыяльнае вучэнне Касцёла можа паўплываць на выбар грамадства і кіраўніцтва краін. Гаворка ідзе пра некалькі прынцыпаў, якія заўсёды актуальныя і не змяняюцца пры змене кантэксту.

“У цяперашні час мы знаходзімся ў сітуацыі, якая характарызуецца пандэміяй і дігіталізацыяй. Лічбавы свет змяняе спосаб нашай працы, адносіны да іншых, лад жыцця. Аднак у гэтым свеце, які сёння пакутуе ад віруса, асноўныя прынцыпы ўсё тыя ж: цэнтральнае месца чалавека, агульнае дабро, салідарнасць, субсідыярнасць, справядлівасць і міласэрнасць”, - адзначыла ватыканскі эксперт.

Анна Марыя Тарантала перакананая, што католікі, якіх натхняюць гэтыя прынцыпы, павінны рэалізаваць іх на практыцы ў сваёй паўсядзённай дзейнасці.
 

06 мая 2021, 10:58