Пошук

 Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Ватыканскі кардынал наведае з экуменічным візітам Венгрыю

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў хуткім часе наведае Венгрыю. 8 чэрвеня 2021 г. ён прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы ў бэнэдыктынскім абацтве Панонхальма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляе венгерскі каталіцкі сайт Magyar Kurir, наступным этапам трохдзённага візіту кардынала Курта Коха стане Будапешт. Там ён сустрэнецца з прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла і іншых канфесій, выкладчыкамі ўніверсітэтаў і лідарамі грамадскага жыцця.

У верасні сталіца Венгрыі стане месцам правядзення Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэса, на якім чакаецца прысутнасць Францішка. Ён прыедзе на заключную Імшу форума. Папа асабіста абвясціў пра гэта ў сакавіку.

Удзельнікамі экуменічнай канферэнцыі ў Панонхальме будуць – побач з кардынал Куртам Кохам і Прымасам Венгрыі, кардыналам Пэтэрам Эрдо – пратэстанцкія епіскапы: Каралі Фэкетэ з Рэфармацкай Царквы і Тамаш Фабіні – старшыня Лютэранскай Царквы ў Венгрыі.

У рамках сустрэчы, якую адкрые архіабат Цырыл Хортабадзі, будуць таксама прадстаўлены дзве кнігі кардынала Коха, якія выйшлі нядаўна на венгерскай мове. Усё завершыцца экуменічнымі Нешпарамі ў базыліцы св. Марціна на тэрыторыі абацтва.

71-гадовы Курт Кох, які паходзіць са Швейцарыі, быў біскупам Базэля ў 1995–2010 гг., а ў 2010 г. узначаліў Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству. У лістападзе таго ж года ён стаў кардыналам.

Панонхальма (венг. Pannonhalmi Bencés Főapátság) – другое па велічыні каталіцкае абацтва ў свеце, пасля Монтэкасіна. Яно пабудавана на вяршыні пагорка св. Марціна вышынёй 282 метра. Кляштар быў заснаваны ў 996 г.

 

02 чэрвеня 2021, 11:24