Завяршаецца кампанія Share the journey на карысць мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Бруно Мары Дзюфэ адзначыў, што кожны з мігрантаў мае за сабой падарожжа, нясе пакуты і годнасць, патрабуе прызнання і прыняцця ў сваёй унікальнасці і разнастайнасці.
Французскі святар лічыць, што кампанія, якая завяршылася 20 чэрвеня 2021 г., а гэта Сусветны дзень бежанцаў, дапамагла звярнуць увагу многіх на тое, што мігранты – гэта не проста катэгорыя тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, а людзі з правамі, талентамі, гісторыяй і надзеяй. “У кожнага з іх ёсць пэўны пасыл. Сустрэча з імі дазваляе нам стварыць агульную гісторыю і пабудаваць разнастайнае грамадства", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.
“Кампанія завяршаецца, але мы працягваем жыць з праблемай пошуку разам з мігрантамі, і не толькі для іх, шляху надзеі і міру. Гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя сустрэч, узаемнай павагі, што вельмі важна і сёння, і заўтра. Існуе сувязь паміж надзеяй людзей тут, у Еўропе, і надзеяй мігрантаў. Надзея пасля пандэміі – вярнуцца да жыцця простым і братэрскім чынам. Выклікі і надзея мігрантаў заключаюцца ў тым, каб знайсці сяброў, братоў і сясцёр, жыць у іншым грамадстве, у мірным грамадстве, якое дазваляе іх дзецям і ўсім жыць годна”, - звярнуў увагу кс. Дзюфэ.
Share the journey – гэта глабальная кампанія Caritas Internationalis па падтрымцы мігрантаў, натхнёная заклікам Францішка да будавання моцнага грамадства праз “культуру сустрэчы”. На працягу чатырох гадоў структуры папскага дабрачыннага фонду ў 160 краінах даследавалі прычыны міграцыі, магчымасці пераадолення стэрэатыпаў адносна мігрантаў і іх інтэграцыі ў грамадства.