Пошук

Бэнэдыкт XVI падчас візіту ў Германію ў 2011 г. Бэнэдыкт XVI падчас візіту ў Германію ў 2011 г. 

Бэнэдыкт XVI да Касцёла ў Германіі – толькі вера вызваляе

Бэнэдыкт XVI перасцярог суайчыннікаў ад “Касцёла і дактрыны без веры". У Herder Korrespondenz быў апублікаваны артыкул, напісаны па выніках інтэрв'ю журналісту Тобіасу Вінстэлю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа-эмерыт падкрэсліў, што толькі вера вызваляе чалавека ад абмежаванасці і вузкасці свайго часу. "Дактрына павінна развівацца ў веры і з веры, а не стаяць побач", - заўважыў ён. Таму што "дактрына, якая існавала б як запаведнік, аддзелены ад штодзённага свету веры і яе патрэб, адначасова была б адмовай ад самой веры".

З яго пункту гледжання трэба адрозніваць "вернікаў і няверуючых" у Касцёле. Звяртаючыся да ролі нямецкіх біскупаў, ён падкрэсліў: "Пакуль афіцыйныя касцёльныя тэксты гавораць толькі на ўзроўні пасады, а не сэрца і духа, зыход са свету веры будзе працягвацца". Папа-эмерыт чакае ад людзей Касцёла "сапраўднага і асабістага сведчання веры".

Бэнэдыкт XVI, які паходзіць з Баварыі, адзначыў, што ў касцёльных установах – бальніцах, школах, дабрачынных структурах – шмат людзей, якія не падзяляюць унутранай місіі Касцёла; яны займаюць вырашальныя пазіцыі і, такім чынам, у многіх выпадках зацямняюць сведчанне ўстановы.

На яго думку, афіцыйныя тэксты Касцёла ў Германіі ў асноўным пішуцца людзьмі, для якіх вера з'яўляецца толькі афіцыйнай. "У гэтым сэнсе я павінен прызнаць, што выраз афіцыйны Касцёл у поўнай меры адносіцца да вялікай часткі афіцыйных касцёльных тэкстаў у Германіі", - заўважыў 94-гадовы Бэнэдыкт XVI.

Інтэрв’ю нямецкаму журналісту прымеркавана да 70-годдзя вікарыята Ёзэфа Ратцынгера ў адной з мюнхенскіх парафій. Большая частка размовы прысвечана ўспамінам з таго часу.
 

27 ліпеня 2021, 13:07