Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE вітае прыняцце праграмы ЕС па абароне месцаў культу

Касцёл гатовы дапамагчы ўзбагаціць і палепшыць дакумент, гаворыцца ў заяве Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці адносна прыняцця ў ЕС новага Кіраўніцтва па абароне месцаў культу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэкст, падрыхтаваны Еўрапейскай камісіяй, з’яўляецца часткай праграмы Еўрапейскага саюза па барацьбе з тэрарызмам і накіраваны на паляпшэнне бяспекі месцаў культу без змены іх сакральнага характару. COMECE назвала дакумент “добрым першым крокам”.

Біскупы, якія бралі ўдзел у распрацоўцы тэксту, выразілі сваю ўдзячнасць Еўрапейскай Камісіі за вырашэнне пытання, якое непасрэдным чынам уплывае на штодзённае жыццё Касцёла. Тым не менш, некаторыя заўвагі, прапанаваныя еўрапейскімі іерархамі, не былі ўключаны ў выніковы тэкст дакумента. Напрыклад у ім падкрэсліваецца сувязь паміж “сімвалічным характарам культавых пабудоваў і неабходнасцю іх абароны”. Але гэтае сцвярджэнне няпоўнае, бо абарона такіх месцаў павінна гарантавацца ў першую чаргу таму, што яны ўяўляюць фізічны кантэкст, у якім людзі рэалізуюць сваё права на свабоду веравызнання, асабліва ў яго супольнасным вымярэнні, гаворыцца ў заяве COMECE.

Еўрапейскія біскупы выказалі неўразуменне адносна тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца ў некаторых частках дакумента, напрыклад такой як “сезонныя падзеі” замест “рэлігійных святаў”. Іерархі пажадалі, каб гарантавалася раўнавага паміж захаваннем бяспекі і такім важным элементам як масавае наведванне месцаў культу, бо “гасціннасць і адкрытасць з’яўляюцца фундаментальнымі для іх функцыянавання”. COMECE выказала гатоўнасць і надалей рабіць свой унёсак ва ўзбагачэнне і паляпшэнне дакументу.

Біскупы выказалі задаволенасць тым, што праект Кансорцыума “ProSpeRes” (Сістэмы абароны вялікіх сходаў людзей на рэлігійных аб’ектах) быў уключаны ў спіс ініцыятыў, якія будуць фінансавацца ЕС. Гэта двухгадовая праграма прадугледжвае падрыхтоўку інтэграванай сістэмы абароны рэлігійных аб’ектаў у дзяржавах-членах ЕС праз супрацоўніцтва паміж даследчыкамі, паліцыяй, пажарнікамі, Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі. Абмен перадавым досведам, збор інфармацыі аб патрэбах і патрабаваннях, а таксама распаўсюджванне матэрыялаў для навучання і павышэння паінфармаванасці па гэтым пытанні, будуць цэнтральнымі пунктамі праекта, які накіраваны на стварэнне пастаяннай сеткі ўзаемадзеяння.
 

09 ліпеня 2021, 08:17