Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Францыю

Кардынал П’етра Паралін здзейсніў візіт у Францыю з нагоды 1300-годдзя з дня смерці св. Атыліі, нябеснай апякункі рэгіёну Эльзас. Дзяржсакратар прысутнічаў на ўрачыстасцях у якасці папскага легата.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У рамках падарожжа бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца наведаў Страсбург, дзе ўдзяліў сакру новаму дапаможнаму біскупу Страсбургскай архідыяцэзіі Жылю Райцынгеру, дагэтуль генеральнаму настаяцелю Папскіх замежных місій. Потым ён наведаў сядзібу Савета Еўропы і сустрэўся з моладдзю ў санктуарыі Мон-Сэнт-Адыль, у якім пахавана св. Атылія (660-720 гг.) – бэнэдыктынская манахіня, дачка эльзаскага герцага, вядомая шматлікімі цудамі.

Падчас св. Імшы ў страсбургскай катэдры кардынал Паралін нагадаў, што ў жыцці св. Атыліі “аб’яўляецца моц і ласкавасць Божай справы”. У яе жыцці мы “бачым Пана, які прымае і ўзвышае пакінутых”, а таксама “парадокс чалавека, які, лічачы сябе лепшым і годным, нарэшце пераконваецца ў тым, што патрабуе міласэрнасці і збаўлення, знаходзячы аздараўленне сваёй маральнай слепаты ў заступніцтве той, якая была з пагардай адкінута”.

Кардынал Паралін нагадаў пра жыццё св. Атыліі, якая будучы невідушчай ад нараджэння, была непрынята бацькам, але пасля хросту атрымала зрок. Зразумеўшы сваю памылку бацька падарыў ёй замак, дзе будучая святая змагла заснаваць манаскую супольнасць. “Ушанаванне св. Атыліі – гэта абвяшчэнне моцы Бога, які выкарыстоўвае неспрыяльныя абставіны, каб удасканальваць святыя душы”, - сказаў папскі легат.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на “дэмаграфічную зіму”, якую перажывае еўрапейскі кантынент, падкрэсліваючы, што прычына гэтай з’явы заключаецца не столькі ў эканамічных ці грамадскіх праблемах, колькі ў аслабленні надзеі і разумення сапраўднага сэнсу жыцця. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што “Еўропа патрабуе нанава адкрыць глыбокі сэнс сваіх каранёў, патрабуе веры ў Бога”.

“Еўропа патрабуе любові, патрабуе таго, каб паставіць у цэнтр сваёй увагі тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне, у беднасці, каго не прымаюць”, - сказаў ён, заклікаючы да мудрага і дальнабачнага вырашэння міграцыйнага крызісу, спрыяючы сапраўднай інтэграцыі, якая стане крыніцай магчымасцей і братэрства і дазволіць аддаліць пагрозу падзелаў і непаразуменняў, а таксама пераадолець культуру, якая супярэчыць усеагульнаму братэрству.

Падчас сустрэчы з моладдзю ў санктуарыі Мон-Сэнт-Адыль, кардынал Паралін заўважыў, што менавіта ў гэтым месцы 90 гадоў таму ўзнікла Брацтва няспыннай адарацыі. Гэта быў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі і заснавальнікі Брацтва спачатку хацелі асаблівым чынам маліцца за мір і сваю дыяцэзію, а потым таксама аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. На сённяшні дзень рух складаецца з 52 груп, у якія ўваходзяць каля 2000 чалавек, што кожны тыдзень змяняюць адзін аднаго на малітоўнай варце, і да малітвы якіх далучаюцца шматлікія пілігрымы. Малітва супольнасці была асабліва каштоўнай падчас пандэміі, - заўважыў іерарх.

Дзяржсакратар заклікаў членаў Брацтва заставацца вернымі іх місіі і намерам, дзеля якіх яно было заснавана: “малітве за мір, які ніколі не здабываецца аднойчы і назаўсёды, але з’яўляецца заданнем усіх і дарам, аб якім трэба прасіць Пана; а таксама малітве за сваю дыяцэзію, гісторыя якой адлюстроўвае значную частку гісторыі Еўропы”.

Кардынал Паралін нагадаў, што з жыццём св. Атыліі звязаны шматлікія цуды, да якіх сучасная ментальнасць адносіцца скептычна. Апавяданні пра іх дапамагаюць зразумець глыбокую праўду і сустрэцца з моцай Хрыста, якая аздараўляе і збаўляе. У выпадку св. Атыліі яны паказваюць “ўмяшанне Пана, якое вызваляе”, Пана, які пажадаў зрабіць з яе, непрынятай у сям’і, “прыладу благаслаўлення і евангелізацыі для вялікага мноства людзей і пакаленняў”, - сказаў кардынал Паралін.

Вера “бачыць нябачнае і адкрывае на цалкам новыя сцэнарыі, непрадбачаныя шляхі, вучыць новым ладам жыцця”, - заўважыў кардынал Паралін, заклікаючы моладзь глыбока верыць у цуды Пана, які змяняе і аздараўляе сэрцы, вяртае зрок сляпым і адорвае новым жыццём, а таксама хоча, каб мы ўсе пазналі Божага сына і атрымалі збаўленне.

 

06 ліпеня 2021, 10:48