Пошук

Карданал Хумэс побач з Папам у прэзідыуме Сінода па Амазоніі Карданал Хумэс побач з Папам у прэзідыуме Сінода па Амазоніі 

Кардынал: пасля Сінода па Амазоніі трэба пераходзіць да дзеяння

Бразільскі кардынал Клаўдыу Хумэс заклікаў перайсці ад разважання над тым, што трэба зрабіць, да канкрэтных дзеянняў па выкананні рашэнняў Сінода Біскупаў па Амазоніі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Касцёльнай канферэнцыі рэгіёна Амазонкі (CEAMA) заклікаў прадставіць вынікі сінода ў мясцовых супольнасцях і паведаміць аб тым, што ўжо было рэалізавана.

Іерарх нагадаў пра неаднаразовую просьбу Пантыфіка павялічыць колькасць пастаянных дыяканаў у касцёльных супольнасцях рэгіёна Амазонкі, а таксама свецкіх вернікаў, занятых у касцёльным служэнні, асабліва тых, якія прадстаўляюць карэнныя народы.

Гэта магчыма рэалізаваць шляхам "адкрыцця школ для пастаянных дыяканаў, катэхетаў і кіраўнікоў супольнасцей, як мужчын, так і жанчын, місіянераў, здольных працаваць сінадальна", а таксама шляхам "сінадальнага абнаўлення цяперашняга духавенства і кансэкраваных асоб".

Асамблея Сінода Біскупаў па Амазоніі прайшла ў Ватыкане ў кастрычніку 2019 г. У Выніковым дакуменце адзначалася неабходнасць садзейнічання фармацыі пастаянных дыяканаў у Амазоніі (з рэкамендацыяй разгледзець магчымасць святарскага пасвячэння тых пастаянных дыяканаў, якія зарэкамендавалі сябе ў служэнні), а таксама ліквідацыя праблемы недахопу духавенства шляхам геаграфічнага пераразмеркавання святароў. Прапанавалася дазволіць жанчынам (якія з'яўляюцца катэхетамі і фактычна ўзначальваюць мясцовыя супольнасці) выступаць у якасці лектараў (чытаць фрагменты Святога Пісання падчас літургіі) і акалітак (дапамагаць у цэлебрацыі літургіі), а таксама заснаваць спецыяльна для іх новыя касцёльныя паслугі, не звязаныя з сакрамэнтам пасвячэння, напрыклад, паслугу "жанчыны, якая кіруе супольнасцю". У Выніковым дакуменце прагучала прапанова стварыць асобны “амазонскі абрад” у Касцёле.

Рэзюміравала Сінод Апостальская адгартацыя Францішка Querida Amazonia, абвешчаная ў лютым 2020 г. Папа звярнуў увагу на неабходнасць інкультурацыі, каб сінтэзаваць веру з культурай амазонскіх народаў, прызнаючы ў святле Евангелля каштоўнасці, прысутныя ў жыцці першых супольнасцей. Ён падкрэсліў, што гэтая інкультурацыя павінна быць сацыяльнай і адзначацца рашучай абаронай правоў чалавека. Трэба таксама лепш інтэграваць сацыяльнае і духоўнае вымярэнні, каб нараджаліся сведчанні святасці "з амазонскім тварам". Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра духоўнасць, арыентаваную на аднаго Бога.

Францішак не адрэагаваў на пастулат аб святарскім пасвячэнні належным чынам падрыхтаваных жанатых мужчын, але адзначыў, што павінна быць больш пастаянных дыяканаў, і падкрэсліў ролю свецкіх лідараў. Паводле яго, жанчыны павінны мець доступ да функцый і касцёльных паслуг, якія не патрабуюць сакрамэнту пасвячэння і дазваляюць ім лепш выконваць сваю ролю, пасля прызначэння біскупам.
 

28 ліпеня 2021, 13:11