Пантыфік падтрымаў камунікацыйную ініцыятыву ў Бразіліі
Будаваць масты і шукаць дыялогу, - заклікаў Францішак удзельнікаў камунікацыйнай кампаніі ў Бразіліі, якая праводзілася ў 12-ы раз мясцовай біскупскай канферэнцыяй.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Хрысціяне пакліканы быць знакам надзеі і салідарнасці ў грамадстве, якое пацярпела ў выніку пандэміі", "інструментам прымірэння і адзінства", - гаворыцца ў кароткім пасланні, якое ад імя Пантыфіка скіраваў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін. Францішак запрасіў усіх, хто працуе ў сферы камунікацыі, "несці адказнасць за інфармацыю, якую перадаюць, выкрываць ілжывыя навіны, быць сведкамі праўды, садзейнічаць развіццю зносін, якія пераадольваюць рознагалоссі, знаходзячы шлях да самага важнага".
У форуме прынялі ўдзел больш за 5,5 тыс. чалавек. Працавала шэсць секцый, у рамках якіх прайшлі канферэнцыі, культурныя прэзентацыі, дыскусіі і круглыя сталы.
27 ліпеня 2021, 10:47