Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News
На аднаўленне пасля пажару Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе сабрана ўжо амаль 900 тыс. рублёў. Тым часам ужо скончана абследаванне касцёла, і праект рэканструкцыі здаецца на экспертызу. Паводле пробашча будслаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Дзмітрыя Дубовіка, праект прадугледжвае страхоўку купала і даху. Таксама парафія падпісвае дамовы са спецыяльнымі арганізацыямі на комплекснае навуковае даследаванне. Што тычыцца прычыны ўзгарання, то афіцыйна яна пакуль не агучваецца. Як мяркуе пробашч, пажар адбыўся з прычыны няспраўнай электрычнай праводкі.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі паведаміў, што ў сталічную архікатэдру прыходзілі сілавікі. Гэта адбылося ў нядзелю, 4 ліпеня 2021 г., напісаў іерарх на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яго, "супрацоўнікі міліцыі прыходзілі з прэтэнзіяй, што парушана нейкая норма заканадаўства наконт малітвы "Магутны Божа". Біскуп нагадаў, што гэты спеў прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі, а сёння ён "стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн спяваюць людзі, якія не атаясамліваюць сябе з ніякай рэлігіяй". Як адзначыў іерарх, гімн "Магутны Божа" – гэта перш за ўсё малітва за Бацькаўшчыну і за народ.
У лясной капліцы ў Дубку ў Гродзенскай дыяцэзіі ўшанавалі Маці Божую Курганскую. Капліца адносіцца да парафіi Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, і 4 ліпеня 2021 г. тут адзначылі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі. На працягу 90 гадоў яе ўшаноўваюць пад назваю Курганскай. На сёлетнюю ўрачыстасць па запрашэнні пробашча парафіі ў Жодзішках кс. Паўла Калесніка, які духоўна апякуецца вернікамі ў Дубку, сабраліся святары з навакольных парафій, a таксама прыбыло каля 200 пілігрымаў. Людзі наведваюць гэтае месца на працягу ўсяго года, каб адпачыць ад турбот штодзённага жыцця.
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква перажывае духоўную пілігрымку з нагоды 425-годдзя Берасцейскай уніі. Яе дэвізам сталі словы з Сімвала веры: "Веру ў адзіную, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву". Дні з 7 па 9 ліпеня 2021 г. – час асаблівай малітвы вернікаў у парафіях і супольнасцях. Боскую Літургію ў храме Уваскрасення Гасподняга ў Віцебску адслужылі архімандрыт Сяргей Гаек і протапрэзбітэр Зміцер Грышан. Таксама службы прайшлі ў капліцы Маці Божай Фацімскай у Гродне, у храме парафіі св. Праведнага Язэпа ў Мінску. 10 ліпеня пілігрымы ў індывідуальным парадку прыбываюць у Полацк, наведваюць хрысціянскія святыні горада. 11 ліпеня тут адбудзецца святочнае завяршэнне пілігрымкі – пры храме святой Параскевы Полацкай.
Капліцы ў Варонe на Астравеччыне вернуты яе гістарычны тытул – св. Філамены. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падпісаў адпаведны дэкрэт. Пасля разбурэння капліцы былі страчаны ўсе дакументы. Дзякуючы намаганням былога пробашча, кс. Здіслава Пікулы SDB капліцу адрамантавалі. На той момант ёй надалі тытул у гонар апекуна касцёла ў Варнянах св. Юрыя. Аднак цяпер, дзякуючы ініцыятыве пробашча кс. Віктара Захарэўскага, капліца атрымала першапачатковы тытул.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, nv-online.info і ўласнай інфармацыі.