Візіт Папы ў Славакію: абвешчаны малітоўны марафон
Перад візітам Францішка ў Славакію Папскія місійныя ініцыятывы арганізавалі малітоўны марафон за Святога Айца і ўсю краіну; ён пачнецца 7 жніўня 2021 г. і працягнецца да канца папскай пілігрымкі.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак прыбудзе ў Славакію 12 верасня 2021 г. Малітоўны марафон стане часткай духоўнай падрыхтоўкі вернікаў краіны да сустрэчы з Пантыфікам. Той, хто далучыцца да малітвы, будзе кожны дзень маліцца на ружанцы за поспех візіту Папы.
Духоўны апякун марафону, дапаможны біскуп Браціслаўскай архідыяцэзіі Ёзаф Халька заахвоціў суайчыннікаў маліцца, каб папскае пасланне стала натхненнем для духоўнага жыцця славацкіх хрысціян і паглыбіла іх адносіны з Хрыстом.
Святы Айцец правядзе ў Славакіі чатыры дні, наведваючы Браціславу, Прэшаў, Кошыцы і Шашцін. Дэвізам 34-га Апостальскага падарожжа Францішка стануць словы: "З Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса".
30 ліпеня 2021, 11:25