Былы пасол Славакіі пры Святым Пасадзе пра папскі візіт
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дравецкі, які ў часы камунізму належаў да падпольнага Касцёла, паведаміў славацкаму інфармацыйнаму агенцтву TASR, што падчас сваёй дыпламатычнай службы ў Святым Пасадзе (2007-2013) ён асабіста працаваў над папскім візітам у Славакію. Падарожжа павінна было адбыцца ў 2013 г. Нагодай было 1150-годдзе прыбыцця апосталаў славян Кірыла і Мятода ў Вялікую Маравію.
З прычыны пагаршэння здароўя Бэнэдыкта XVI папскі візіт быў перанесены на год, але потым адбылася накладка з пілігрымкай у Ліван у верасні 2012 г. Такім чынам, славацкае падарожжа было адкладзена да прызначэння новай даты, але Бэнэдыкт XVI сышоў у лютым 2013 г.
Дравецкі таксама пракаментаваў надзвычай кароткі – па ватыканскіх мерках – перыяд ад абвяшчэння да рэалізацыі пілігрымкі ў Славакію. Па словах былога дыпламата, гэта можа сведчыць аб тым, што Францішак планаваў свой візіт значна раней.
У любым выпадку Дравецкі перакананы, што прычын для спантаннага візіту Папы больш, чым часта мяркуюць: “Магчыма, ён бачыць праблемы ў Касцёле ў Славакіі, пра якія мы не ведаем. А можа мы проста тыповая краіна, якой пагражаюць сучасныя спакусы?”, - разважае славацкі дыпламат.