Пошук

Патрыярх Халдэйскай Царквы, кардынал Луіс Рафаэль Сако Патрыярх Халдэйскай Царквы, кардынал Луіс Рафаэль Сако 

Халдэйскі Патрыярхат патлумачыў матывы змены сваёй назвы

Некалькі дзён таму Сінод Халдэйскай Царквы выключыў з назвы Патрыярхату спасылку на Вавілон, паколькі, як сцвердзілі яго ўдзельнікі, гэта не мела гістарычнага абгрунтавання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Такое тлумачэнне змяшчаецца ў заяве Патрыярха, апублікаванай 23 жніўня 2021 г., у адказ на шматлікія пытанні і нават палемічныя каментары, якія з'явіліся неўзабаве пасля Сінода.

Падчас сінадальнай сесіі, якая прайшла ў Багдадзе 9-14 жніўня 2021 г. пад старшынствам Патрыярха, кардынала Луіса Рафаэля Сако, іерархі усходне-каталіцкай Царквы, абмеркавалі многія важныя тэмы. Адной з іх стала змена афіцыйнай назвы супольнасці, раней вядомай як Вавілонскі Халдэйскі Патрыярхат – цяпер гэта будзе проста Халдэйскі Патрыярхат.

Патрыярхат звярнуў увагу на тое, што шмат крытыкі зыходзіць з боку халдэйскай дыяспары, у той час як у самім Іраку "ніхто не выступае супраць рашэння Сінода". Было падкрэслена, у прыватнасці, што Вавілон быў сталіцай Вавілонскай імперыі, але "ён ніколі не быў сталіцай епіскапа або Патрыярха, а сёння гэта іракскі мусульманскі горад". Папярэдняя назва Патрыярхату была пазбаўлена якой-кольвечы гістарычнай базы па розных прычынах. У патрыяршай заяве звяртаецца ўвага на тое, што калі хрысціянства дасягнула Месапатаміі, Вавілонія ўжо доўгі час была ў руінах.

Да стварэння Халдэйскага Патрыярхату, звязанага сувязямі іерархічнай супольнасці з Наступнікам св. Пятра, прывялі складаныя гістарычныя абставіны сярэдзіны XVI ст., якія паспрыялі таму, што частка Асірыйскай Царквы Усходу пацвердзіла поўную камунію з Рымам. Спасылка на Вавілон была змешчана ў назве толькі ў 1724 г.
 

26 жніўня 2021, 10:25