Фаціма: Дзень мігранта пройдзе з вялікай колькасцю пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстасці ўзначаліць арцыбіскуп Люксембурга, кардынал Жан-Клод Олерыш. Улады санктуарыя ўдакладнілі, што на мерапрыемствы, якія супадуць з 104-й гадавінай жнівеньскага аб’яўлення Маці Божай у Фаціме, збіраюцца масава прыехаць партугальцы, якія жывуць у іншых краінах Еўропы, у асноўным у Францыі і Швейцарыі.
Будзе працягваць дзейнічаць абавязак выкарыстання ахоўных масак і захавання сацыяльнай дыстанцыі, нягледзячы на абвяшчэнне ўрадам Партугаліі паступовага скасавання санітарных абмежаванняў да верасня. Таксама захаваецца абмежаванне колькасці прысутных на галоўнай плошчы – не больш за 7,5 тыс.
У канцы ліпеня ўрад Антоніа Косты абвясціў адзіныя санітарныя правілы для ўсёй краіны і заявіў аб змякчэнні супрацьэпідэмічных абмежаванняў. Праца сферы грамадскага харчавання падоўжана да 2.00, уваход у бары і рэстараны больш не абмяжоўваецца наяўнасцю пасведчання аб вакцынацыі, за выключэннем выхадных. Чакаецца, што ў верасні будзе зняты абавязак насіць ахоўныя маскі на вуліцы і ліміт месцаў у грамадскім транспарце.