Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Грэка-католікі Украіны: грыгарыянскі стыль – пасля праваслаўных

Украінская Грэка-Каталіцкая Царква памяняе каляндар толькі ў тым выпадку, калі гэта зробяць праваслаўныя, - заявіў архіепіскап Святаслаў Шаўчук. Цяпер супольнасць карыстаецца юліянскім летазлічэннем.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сваім стаўленнем іерарх падзяліўся падчас паломніцтва ў Зарваніцу, адказваючы на пытанне моладзі аб каляндарнай рэформе. За межамі Украіны УГКЦ у многіх епархіях і прыходах ужо даўно жыве па “новым” стылі. Напрыклад, у Аргентыне гэта ўсходняя Царква ніколі не карысталася юліянскім календаром. Гэтак жа і ў Італіі, Партугаліі, Іспаніі.

Архіепскап патлумачыў гэта тым, што грэка-католікі там складаюць рэлігійную меншасць і таму вымушаны “ісці ў рытме грамадства”.

“Але іншая сітуацыя ў Украіне. Тут пытанне рэформы календара можа апынуцца тым, што раз'яднае, а не аб'яднае. І гэта кажуць прадстаўнікі і праваслаўных, і нашай Царквы. Таму я яшчэ не бачу магчымасці ў бліжэйшай перспектыве ва Украіне правесці маштабную каляндарную рэформу”, - заявіў іерарх.

Архіепіскап Шаўчук лічыць, што каляндарная рэформа – гэта заўсёды выпрабаванне на трываласць. “Нават тыя праваслаўныя Царквы, якія яе правялі, перажылі царкоўныя расколы. Бо заўсёды ёсць групы, якія гэта не падтрымліваюць. Сёння ў нашым грамадстве ёсць нямала расколаў, нямала разладу, таму мы імкнёмся не рабіць штучных крокаў, якія б яшчэ больш падзялілі наш народ”, - патлумачыў ён.
 

12 жніўня 2021, 12:50