Славакія: 33 тыс. чалавек зарэгістраваліся на сустрэчы з Папам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Да 25 жніўня агулам зарэгістраваліся 33 тыс. чалавек. Прэс-сакратар славацкага епіскапату, кс. Марцін Крамара прызнаўся, што цікавасць людзей "у цэлым ніжэйшая, чым чакалася".
Епіскапат заклікаў разглядаць удзел у папскіх мерапрыемствах як "ахвяру за Касцёл і збаўленне несмяротных душ". “Прыходзьце асабіста, каб стварыць супольнасць адзінства братоў і сясцёр, якія жадаюць ісці за Езусам з Марыяй і Юзафам. Не сядзіце дома, дарагія браты і сёстры. Прыходзьце! Браціслава, Прэшаў, Кошыцы і Шашцін чакаюць вас!", - напісалі іерархі.
Пантыфік наведае з Апостальскім візітам Славакію 12-15 верасня 2021 г. Пасля некалькіх гадзін у Будапешце і ўдзелу ў завяршэнні 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, Святы Айцец адправіцца ў Браціславу, а ў наступныя дні наведае Прэшаў, Кошыцы і Шашцін. Дэвізам 34-га Апостальскага падарожжа Францішка будуць словы: "З Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса". Гэта будзе чацвёрты візіт Наступніка св. Пятра ў Славакію. Першыя тры здзейсніў Ян Павел II.