Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Еўропы: прагнем, каб слова Езуса гучала ў сэрцы кантынента

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы скіраваў пасланне з нагоды адкрыцця 50-й пленарнай сесіі гэтага аб’яднання. Форум праходзіць у Рыме з 23 па 26 верасня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Анджэла Баньяска заўважыў, што місія Рады, створанай у 1971 г., за паўвекавую гісторыю не згубіла сваёй актуальнасці. Яна дагэтуль паклікана “абвяшчаць Хрыста Збаўцу дарагому насельніцтву кантынента”.

“Гэта місія не змянілася і нават стала яшчэ больш значнай у сувязі з эпахальнымі зменамі, якія адбыліся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і ў якія мы занураны разам з нашымі народамі, пасярод радасцяў, спадзяванняў, выклікаў і турботаў”, - напісаў іерарх.

“Мы прагнем, каб імя Езуса гучала ў сэрцы Еўропы, імя, якое на навязваецца, але якое вызваляе і збаўляе, якое дзве тысячы гадоў натхняе цывілізацыі і мастацтва; мы прагнем карыстацца Яго словамі sine glossa, і нават калі часам вымушаны карыстацца словамі людскімі, мы не жадаем, калі яны калі-небудзь згубілі цудоўны водар Хрыста”, - заўважыў кардынал Баньяска.

Іерарх падзякаваў Святому Айцу за падтрымку Касцёла ў Еўропе. Ён нагадаў словы, якія Папа прамовіў падчас св. Імшы на заканчэнне Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў Будапешце, нагадваючы пра цэнтральнае месца Літургіі слова і Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла, а таксама пра тое, што кожнае служэнне павінна насіць на сабе эўхарыстычную пячатку: вынікаць з Эўхарыстыі, весці да Эўхарыстычнай ахвяры і ў ёй спаўняцца. Кардынал зазначыў таксама, што 50-гадовая гісторыя Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы павінна быць падсумавана не справаздачамі, а рахункам сумлення адносна вернасці Хрысту.

Кардынал Анжэла Баньяска не змог прыняць удзел у юбілейным пасяджэнні еўрапейскага біскупскага аб’яднання па прычыне заражэння каронавірусам. Падрыхтаванае ім пасланне было зачытана падчас св. Імшы на адкрыццё форума, якая прайшла 23 верасня ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане, віцэ-старшынёй Рады, кардыналам Вінсэнтам Нікалсам, арцыбіскупам Вэстмінстэрскім і Прымасам Англіі і Уэльса.
 

24 верасня 2021, 09:02