Пошук

Кардынал Жазэ Фрэйрэ Фалькаў Кардынал Жазэ Фрэйрэ Фалькаў 

Францішак спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Фалькаў

Святы Айцец запэўніў у малітве аб вечным супакоі для бразільскага кардынала Жазэ Фрэйрэ Фалькаў, які адышоў у вечнасць 26 верасня 2021 г. на 96-м годзе жыцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У спачувальнай тэлеграме Папа падкрэсліў, што давярае душу памерлага іерарха Божай міласэрнасці, “памятаючы пра яго каштоўнае служэнне ў розных структурах Апостальскай Сталіцы і пра асабістыя сустрэчы з гэтым захопленым евангелізацыяй пастырам”.

Адметнай рысай спачылага кардынала, на думку Святога Айца, было яго імкненне “выкарыстоўваць дары Пана на карысць Божага народа і сабратоў-біскупаў, асабліва ў тыя гады, калі ён быў старшынёй Канферэнцыі Біскупаў” Бразіліі.

Напрыканцы тэлеграмы Францішак выказаў падзяку Богу за біскупскае служэнне кардынала Фалькаў, давяраючы мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі яго блізкіх, супрацоўнікаў і ўсіх вернікаў архідыяцэзіі Бразіліа, пастырам якой іерарх быў на працягу многіх гадоў.

Жазэ Фрэйрэ Фалькаў нарадзіўся ў 1925 г. у бразільскім горадзе Эрэрэ. У 1949 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Займаўся душпастырскай і выкладчыцкай дзейнасцю, каардынаваў працу руху Каталіцкая акцыя ў дыяцэзіі Лімуэйру-ду-Норці. У 1967 г. стаў яе біскупам. З 1984 па 2004 гг. – арцыбіскуп Бразіліа, а з 1988 г. – кардынал. Іерарх адышоў у вечнасць у выніку ўскладненняў, якія ўзніклі ў яго пасля заражэннем каронавірусам.

Пасля смерці кардынала Жазэ Фрэйра Фалькаў Калегія кардыналаў налічвае 217 членаў, з якіх 121 мае права голасу на канклаве.
 

28 верасня 2021, 11:39