Германія: старшыня епіскапату заклікаў калег сур’ёзна змяніцца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У казанні падчас ранішняй Імшы 21 верасня 2021 г., адкрываючы восеньскае пленарнае пасяджэнне іерархаў у Фульдзе, Біскуп Лімбургскі падкрэсліў, што для няпростых дэбатаў аб рэформах, якія зараз пачынаюцца, неабходны "дух і мужнасць да змен". "Змяніцеся! Думайце па-іншаму! Фактычна, гэта нашмат больш, чым проста нейкая адаптацыя і працяг дзейнасці”, - звярнуўся Бэтцынг.
Без сапраўднага навяртання не будзе справядлівага вырашэння крызісу злоўжыванняў і драматычнага сыходу вернікаў з Касцёла, - падкрэсліў старшыня епіскапату і сустаршыня Сінадальнага шляху Каталіцкага Касцёла ў Германіі. На яго думку, для людзей у дэмакратычным грамадстве паводзіны біскупаў сталі падставай для адмовы ад місіі збаўлення, прапанаванай Касцёлам, "як напышлівай і назойлівай, а ў святле сексуальных злачынстваў - "састарэлай". Самі біскупы нясуць адказнасць за тое, што людзі перасталі разумець іх прапаведаванне, - лічыць Бэтцынг.
Старшыня епіскапату нагадаў, што іерархі з'яўляюцца "пераемнікамі некаторых вялікіх грэшнікаў, якіх Пан паклікаў да апостальства”. Толькі калі адмовімся ад "бязбожнага і грэшнага", зможам апраўдаць сваё пакліканне да біскупскага служэння, - сцвердзіў 60-гадовы іерарх.