Пошук

Кардынал Шон Патрык О'Мэйлі Кардынал Шон Патрык О'Мэйлі 

Кардынал: крызіс злоўжыванняў патрабуе душпастырскага навяртання

Клопат пра ахвяр злоўжыванняў павінен стаць душпастырскім прыярытэтам Касцёла, - лічыць кардынал Шон Патрык О’Мэйлі, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мітрапаліт Бостанскі выступіў з уводнай прамовай на Канферэнцыі па абароне непаўналетніх для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая з 19 па 25 верасня 2021 г. праходзіць у Варшаве. Форум быў арганізаваны Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх у супрацоўніцтве з епіскапатамі рэгіёну. У ім бяруць удзел прадстаўнікі 20-ці цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краін.

Кардынал О’Мэйлі звярнуў увагу на “неабходнасць душпастырскага навяртання” перад абліччам крызісу, выкліканага злоўжываннямі, пачаткам для якога можа стаць прызнанне праўды пра тое, што здарылася і слуханне ахвяр. Іерарх высока адзначыў ролю СМІ, якія выяўляючы выпадкі выкарыстання непаўналетніх, дапамаглі Касцёлу зразумець, што яго точыць смяротная ракавая пухліна.

Амерыканскі кардынал заўважыў, што крызіс, выкліканы выпадкамі сексуальнага выкарыстання непаўналетніх, пашыраецца і выяўляецца ва ўсё новых і новых краінах свету. Ён нагадаў, што сексуальныя злачынствы не толькі прычыняюць моцныя пакуты, але таксама і ўплываюць на адыход людзей ад веры і Касцёла. Замоўчванне тэмы злоўжыванняў становіцца прычынай яшчэ большага болю для ахвяр, таму такая рэакцыя Касцёла недапушчальная.

Старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх перакананы, што ў пытанні адносін да праблемы злоўжыванняў патрэбна навяртанне, як на асабістым, так і на інстытуцыйным узроўнях. Гэты працэс пачынаецца з прызнання таго, што здарылася, з паважлівага слухання ахвяр, многія з якіх пачынаюць распавядаць пра выпадкі насілля толькі праз шмат гадоў пасля таго, як сталі іх ахвярамі, бо “кожны пакрыўджаны мае свой час на распачацце працэсу аздараўлення”.

Для навяртання, на думку іерарха, важна адысці ад абарончай пазіцыі, ад кепскага разумення клопату пра Касцёл, часта інстынктыўнага, асабліва ў краінах, дзе Касцёл падвяргаўся пераследу. “Клопат пра ахвяр злоўжыванняў павінен стаць душпастырскім прыярытэтам Касцёла”, - падкрэсліў кардынал Шон О’Мэйлі.
 

20 верасня 2021, 09:03