Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

“Кола вучняў Ратцынгера” пра адкупленне ў вучэнні Бэнэдыкта XVI

19 верасня 2021 г. у Патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” у Рыме адбылася публічная сустрэча “Кола Ёзэфа Ратцынгера” – аб'яднання былых студэнтаў Папы-эмерыта і даследчыкаў яго тэалагічнай спадчыны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дыскусіі тычыліся пытання адкуплення чалавека ў святле веры ў Хрыста. На думку тэолагаў, навуковая спадчына Бэнэдыкта XVI можа стаць каштоўнай для пераадолення актуальных выклікаў у Касцёле.

У сімпозіуме браў удзел кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які выступіў з уступным словам, нагадваючы пра тое, што тэалогія Ёзэфа Ратцынгера з’яўляецца “хрыстацэнтрычнай тэалогіяй уцелаўлення” і “персаніфікацыі Бога”, у якой заключана ўся таямніца адкуплення. Бог з’яўляецца нашым Адкупіцелем, бо Ён наш Стварыцель – гэта фундаментальны аспект вучэння Ёзэфа Ратцынгера аб адкупленні, сцвердзіў швейцарскі кардынал.

Сярод дакладчыкаў быў прафесар Ральф Вэйман, выкладчык дагматычнай тэалогіі і біяэтыкі ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме і Папскім універсітэце Regina Apostolorum. Ён звярнуў увагу на тое, што вельмі важным для разумення тэалогіі Бэнэдыкта XVI з’яўляецца разуменне граху як парушэння адносін чалавека са Стварыцелем.

Прафесар Барбара Халенслебен, выкладчыца дагматыкі і экуменічнай тэалогіі на тэалагічным факультэце Фрыбургскага ўніверсітэта ў Швейцарыі звярнула ўвагу на тое, што пытанне збаўлення можа і павінна быць часткай сучаснай евангелізацыі.

На сустрэчы выступіў арцыбіскуп Георг Генсвайн, асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, які засяродзіў сваю ўвагу на вытоках мыслення аб адкупленні ў біяграфіі Папы-эмерыта. “У тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера сустракаюцца два ключавыя словы: удзячнасць і радасць. Яны з’яўляюцца вербалізацыяй усведамлення ў веры таго факту, што мы ўжо былі адкупленыя і таму можам жыць спакойна, нават нягледзячы на жыццёвыя абавязкі і намаганні”, - сказаў бліжэйшы паплечнік Бэнэдыкт XVI.
 

20 верасня 2021, 10:08