Пошук

Ханна Сухоцка падчас сустрэчы з Францішкам Ханна Сухоцка падчас сустрэчы з Францішкам 

Наша місія: рэгіянальная сустрэча па абароне непаўналетніх

Прафесар Ханна Сухоцка, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, распавяла пра падрыхтоўку да Канферэнцыі па абароне непаўналетніх, якая пройдзе з 19 па 22 верасня 2021 г. у Варшаве.

“Папская камісія па абароне дзяцей была заснавана ў 2014 г. як дарадчы орган на службе Святому Айцу. Заданне Камісіі заключаецца ў тым, каб “прапаноўваць Святому Айцу ініцыятывы, скіраваныя на ўмацаванне адказнасці мясцовых Касцёлаў у сферы абароны ўсіх непаўналетніх і ўразлівых дарослых людзей”. Ад самага пачатку найбольшай заклапочанасцю Камісіі стаў пошук лепшага спосабу абароны дзяцей і дапамогі Папу і Касцёлу ў дасягненні гэтай мэты. Таму заданнем Камісіі ніколі не было прыняцце адказнасці за разгляд асобных выпадкаў злоўжыванняў, што знаходзіцца ў кампетэнцыі судовых уладаў”, - падкрэсліла Ханна Сухоцка.

Яна заўважыла, што для членаў Камісіі вельмі хутка стала відавочна, што ў многіх выпадках “пазіцыя Касцёла, накіраваная на самаабарону, усё глыбей і глыбей пагружала яго ў небяспечную сітуацыю, працягваючы прычыняць шкоду”. “Вельмі глыбокае абурэнне выклікалі тыя, хто на сваёй кіраўнічай пасадзе хацеў абараніць рэпутацыю людзей і спрабаваў пазбегнуць скандалаў, пакрываючы злачынцаў, пераводзячы іх на іншае месца і такім чынам правакуючы новыя выпадкі жорсткага абыходжання з дзецьмі замест іх абароны”, - дадала эксперт.

Сухоцка нагадала, што Камісія падзяляе агульныя фундаментальныя прынцыпы, такія як пераканаўчасць, празрыстасць, адказнасць і падсправаздачнасць. Таму кожны, хто надзелены кіраўнічымі абавязкамі, павінен з празрыстасцю адказваць за тое, як ён выкарыстоўвае свае паўнамоцтвы.

Былы дыпламат зазначыла, што ў першы перыяд сваёй дзейнасці Камісія па абароне непаўналетніх выступіла з шэрагам ініцыятыў, якія закранулі праблемы, звязаныя з папскай таямніцай і абавязкам паведамлення пра злачынствы. Адначасова быў дадзены старт праектам на мясцовым узроўні, асабліва там, дзе шмат гаварылася пра праблему злоўжыванняў, напрыклад у Чылі. Камісія прыняла ўдзел у арганізацыі Лацінаамерыканскай канферэнцыі па абароне непаўналетніх у 2017 г. Пілотныя праекты мелі месца ў Паўднёвай Афрыцы, Калумбіі, Індыі, Філіпінах і Тонга.

Цэнтральная і Усходняя Еўропа

На гэтым першым этапе дзейнасці Камісіі Цэнтральная і Усходняя Еўропа галоўным чынам заставаліся па-за сферай яе інтарэсаў. “На пачатку здавалася, што Касцёл у гэтых рэгіёнах пазбаўлены такіх праблем, але пазней стала відавочна, што гэта, на жаль, не так”, - заўважыла Сухоцка.

Ідэя правесці канферэнцыю для гэтага геаграфічнага рэгіёна ўзнікла ў 2017 г., напярэдадні саміта, які праходзіў у Ватыкане. Форум на тэму “Наша супольная місія па абароне Божых дзяцей” першапачаткова планавалася на люты 2019 г., потым на люты 2020 г. У сувязі з пандэміяй, яна была перанесена на верасень 2021 г.

Паводле Ханны Сухоцкай, ужо ў 2017 г. стала відавочна, што з’ява сексуальнага насілля мае больш шырокі размах у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, чым лічылася раней. Па гэтай прычыне Камісія асэнсавала важнасць арганізацыі гэтай канферэнцыі на рэгіянальным узроўні. З улікам важнасці Касцёла ў Польшчы і колькасці выпадкаў злоўжыванняў, выяўленых у гэтай краіне, было вырашана правесці форум у Варшаве, але прысвяціць яго не толькі сітуацыі ў Польшчы.

“У гэтым рэгіёне ёсць розныя краіны, розныя рэлігійныя сітуацыі і розныя касцёльныя супольнасці. Нягледзячы на адметнасці, праблема сексуальнага насілля над дзецьмі існуе на розных узроўнях па ўсім рэгіёне. Каб супрацьстаяць выклікам, неабходны абмен досведам паміж Касцёлам ва ўсім рэгіёне”, - заўважыла былы дыпламат.

Сухоцка падкрэсліла, што прадстаўленне магчымасці сустрэчы і абмену досведам для касцёльных лідараў, з’яўляецца выразам салідарнасці Камісіі з Касцёлам у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў іх барацьбе з праблемай сексуальнага насілля ў адносінах да непаўналетніх і імкненні працаваць на карысць стварэння бяспечных асяродкаў для дзяцей.

Яна распавяла, што ў канферэнцыі Our Common Mission прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх краін рэгіёна: Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Украіны, Румыніі, Харватыі, Беларусі, Венгрыі, Славеніі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Сербіі, Чарнагорыі, Косава, Паўночнай Македоніі, Малдовы, Албаніі, Балгарыі і Германіі (фонд Renovabis).

Сітуацыя ў дынамічнай эвалюцыі

Паводле Ханны Сухоцкай, ад моманту стварэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх абставіны змяніліся. У большасці мясцовых Касцёлаў можна вылучыць два этапы: першы – калі ўзрастае разуменне таго факту, што некаторыя святары жорстка абыходзіліся з непаўналетнімі; другі – калі становіцца відавочным, што касцёльная іерархія не рэагавала сур’ёзна за скаргі, якія паступалі.

Змянілася таксама інтэрпрэтацыя законаў, якія тычацца адказнасці кіраўніка за дзейнасць падначаленага. Гэта азначае, што цяпер касцёльную юрыдычную асобу можна прыцягнуць да адказнасці за шкоду, нанесеную сексуальным насіллем з боку святара, нават калі не адбылося “ў кантэксце” выканання ім кананічных абавязкаў, напрыклад выкладання рэлігіі ці ўдзялення сакрамэнтаў. Папа Францішак вырашыў, што калі біскупы на спраўляюцца са сваімі задачамі, яны павінны несці адказнасці. Гэты крызіс патрабуе тэалагічнай і кананічнай рэфлексіі аб адказнасці дыяцэзіяльнага біскупа ў справе прадухілення, умяшання, чынення правасуддзя і кампенсацыі.

У краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы расце грамадскае і інстытуцыйнае ўсведамленне праблем, якія ўзнікаюць у выніку сексуальнага насілля над непаўналетнімі. Таксама і мясцовыя Касцёлы становяцца ўсё больш і больш свядомымі гэтай праблемы. “Але дагэтуль застаецца глыбока ўкаранёнай ментальнасць утойвання і недаверу, якая з’яўляецца спадчынай камуністычнага мінулага. Вельмі важна, каб гэты аспект улічваўся на канферэнцыі”, - падкрэсліла эксперт.

Галоўныя мэты канферэнцыі

Ханна Сухоцка вылучыла галоўныя мэты Канферэнцыі па абароне непаўналетніх, якая пройдзе ў Варшаве.

- Абмен вопытам і рэфлексія з мэтай таго, каб даведацца як Касцёлы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ставяцца да з’явы сексуальнага насілля над непаўналетнімі;
- Натхніць касцёльныя ўлады ўзяць на сябе адказнасць за належную барацьбу з жорсткім абыходжаннем з дзецьмі з належным адказам за злачынствы, здзейсненыя прадстаўнікамі духавенства, і за сур’ёзныя памылкі касцёльных уладаў, разам з цвёрдай прыхільнасцю на карысць прадухілення;
- Садзейнічаць лепшаму разуменню ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пазіцыі Святога Пасаду ў дачыненні да сексуальнага насілля над непаўналетнімі, учыненага прадстаўнікамі духавенства;
- Садзейнічаць лепшаму разуменню ва ўстановах Святога Пасаду патрэбы Касцёла ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў дапамозе ў сферы барацьбы з феноменам сексуальнага насілля з боку святароў;
- Стварыць платформу для рэгулярнага супрацоўніцтва і дзялення паміж краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы;
- Садзейнічаць камунікацыі паміж касцёльнымі ўладамі, вернікамі і грамадзянскай супольнасцю ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы;
- Стварыць рабочую групу, якая стане пляцоўкай для будучага рэгулярнага і сумеснага абмену досведам у будаванні бяспечных умоў для непаўналетніх.

Пачатак, а не канец

З самага пачатку ўсе члены Камісіі пераканаліся неабходнасці адмысловых навучальных і адукацыйных праграм, а таксама гарантавання права на інфармацыю. Прызнанне праўды і справядлівасці ў якасці права ахвяр, мае вялікую важнасць і таму неабходна, каб прызнаваліся мінімальныя стандарты права на інфармацыю. Не існуе мясцовага Касцёла, у якой бы частцы свету ён не знаходзіўся, які быў бы абаронены ад наступстваў трагедыі сексуальных злоўжыванняў над непаўналетнімі. Трэба засвоіць урок падсправаздачнасці і празрыстасці, дадзенымі іншымі структурамі. “Пытанне права на інфармацыю знаходзіцца на пачатковай стадыі, і для правядзення аналізу яго функцыянавання і абмену досведам спатрэбіцца доўгае і глыбокае вывучэнне. Гэта яскрава дэманструе, што канферэнцыя з’яўляецца пачаткам, а не канцом гэтай дзейнасці і мае намер стаць пачаткам сумесных ініцыятыў і дзеянняў”, - заключыла Ханна Суцоцка.

Прафесар Ханна Сухоцка з’яўляецца выкладчыцай канстытуцыйнага права і экспертам у сферы правоў чалавека ў Познаньскім універсітэце (Польшча). З 1992 па 1993 гг. была Прэм’ер-міністрам Польшчы, а з 2001 па 2013 г. паслом Польшчы пры Апостальскай Сталіцы. У 2018 г. Францішак пацвердзіў яе прызначэнне на пасаду члена Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.
 

06 верасня 2021, 14:30