Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец абраў тэму Сусветнага дня масавай камунікацыі

“Слухайце!”, - такую лапідарную тэму Святы Айцец абраў для 56-га Сусветнага дня масавай камунікацыі, які будзе адзначацца ў 2022 г. Яе агучылі 29 верасня 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тут гучыць спасылка на васямнаццаты верш восьмага раздзела Евангелля св. Лукі: “Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае”. “Каб мець магчымасць па-сапраўднаму слухаць, патрэбна смеласць, неабходна свабоднае і адкрытае сэрца, без забабонаў”, - гаворыцца ў ватыканскім прэс-рэлізе.

Слуханне важна для атрымання добрай інфармацыі. З гэтага пачынаецца пошук ісціны, а затым і сведчанне праз сродкі сацыяльнай камунікацыі. Кожны дыялог, усе адносіны пачынаюцца са слухання. Таксама супрацоўнікі медыя для прафесійнага росту і развіцця ў якасці “камунікатараў” павінны пастаянна вучыцца слухаць, - на гэта звяртаецца ўвага ў анонсе тэмы Сусветнага дня камунікацыі.

“У нашы дні, калі ўвесь Касцёл запрошаны слухаць, каб навучыцца быць Касцёлам сінадальным, нам усім прапануецца нанова адкрыць для сябе слуханне як неабходную ўмову добрай камунікацыі”, - падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду.

Сусветны дзень масавай камунікацыі адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1967 г. Ужо традыцыйна, спачатку публікуецца яго тэма, а ўжо пазней, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, – папскае пасланне.
 

29 верасня 2021, 12:18