Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Каталіцкія біскупы ў Бялынічах даручылі Маці Божай лёс Беларусі. На ўрачыстасцях у гэтым горадзе на Магілёўшчыне, якія прайшлі 17-18 верасня 2021 г., біскупы, святары і прысутныя вернікі даручылі Багародзіцы лёс краіны і яе народа перад старадаўнім спісам абраза Маці Божай Бялыніцкай. Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасля ўрачыстых абяцанняў прамовіў да Маці Божай: "Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь на падмурку Евангелля".

Таксама на фэсце ў Бялынічах Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч прамовіў гамілію падчас св. Імшы і прывітаў рашэнне дзяржаўных уладаў вызваліць 13 зняволеных, прызнаных праваабаронцамі "палітычнымі". Прадстаўнік Папы Францішка заклікаў паскорыць гэты працэс, "каб дазволіць сем’ям з’яднацца і вярнуцца на працу і ў свае святыні". Паводле ватыканскага дыпламата, "гэта пойдзе толькі на карысць працэсу нацыянальнага прымірэння ў краіне дзеля агульнага дабра".

Большую плошчу даху касцёла ў Будславе ўжо накрылі, працы павінны завяршыцца да наступлення халадоў. На аднаўленне пасля пажару Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай працягваюць паступаць ахвяраванні, і грамадскасць пералічыла ўжо прыкладна 1 млн 45 тыс. рублёў. Аднак на тэрміновыя працы не хапае яшчэ прыкладна 300 тыс. рублёў. Прычыны пажару, які адбыўся 11 мая 2021 г., пакуль так і не названы органамі, якія займаюцца расследаваннем.

Біскуп Казімір Велікаселец узяў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным дыялогу культур і рэлігій. Сустрэча адбылася 16 верасня 2021 г. у праваслаўным храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску. Акрамя духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкай Касцёла ў мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі мусульманскай і юдэйскай рэлігійных супольнасцей, кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У межах праекту адбылася сумесная малітва за мір і адзінства.

Кананічнае ўступленне на пасаду новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага запланавана на 23 кастрычніка 2021 г. Гэта адбудзецца падчас урачыстай св. Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску. Праз тыдзень пасля гэтага, 30 кастрычніка, пройдзе інгрэс, або ўрачысты ўваход Мітрапаліта ў гістарычную магілёўскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Нагадаем, 14 верасня 2021 г. Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага, да гэтага часу - дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Юбілей прысутнасці сясцёр-салезіянак у Беларусі адзначылі ў Смаргоні з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага. 19 верасня 2021 г. у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята з нагоды 30 год прысутнасці ў краіне Дачок Марыі Успамогі. Напярэдадні свята ў доме сясцёр салезіянак адбыўся малітоўны вечар, а само святкаванне распачалося ўрачыстай св. Імшой, у якой удзельнічалі святары-салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем кс. Віктарам Гайдукевічам SDB. Таксама на свяце сабраліся прадстаўнікі ўсіх галін салезіянскай сям’і, сёстры з іншых манаскіх кангрэгацый, вернікі тых парафій, у якіх калісьці працавалі і ў якіх цяпер працягваюць сваю дзейнасць сёстры салезіянкі.

Серыя бясплатных арганных канцэртаў пройдзе ў касцёлах Беларусі. У Пінску з 10 па 17 кастрычніка 2021 г. адбудзецца "Арганны сімпозіум", які аб'ядноўвае ў сабе 7 канцэртаў на гістарычным аргане ў катэдры Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама тры дні майстар-класаў па арганным выкананні ад педагогаў з Масквы і Кракава. А з 3 па 24 кастрычніка на гістарычным аргане ў касцёле апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна ўпершыню адбудзецца арганны фестываль "Gloria Dei". Шэсць канцэртаў ад музыкаў з Мінска, Віцебска і Масквы запланаваны на выходныя дні.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, nv-online.info і ўласнай інфармацыі.
 

25 верасня 2021, 10:29