Пошук

Кс. Ханс Цольнэр падчас Міжнароднай канферэнцыі па абароне непаўналетніх у Касцёле Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Кс. Ханс Цольнэр падчас Міжнароднай канферэнцыі па абароне непаўналетніх у Касцёле Цэнтральнай і Усходняй Еўропы 

Цольнэр: Папа хоча адмовіцца ад канцэпцыі бездакорнага Касцёла

Францішак заклікае адмовіцца ад пачуцця бяспекі, адмовіцца ад канцэпцыі Касцёла бездакорнага, - звярнуў увагу кс. Ханс Цольнэр, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас брыфінгу ў рамках Міжнароднай канферэнцыі па абароне непаўналетніх у Касцёле Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая праходзіць 19-22 верасня 2021 г. у Варшаве, езуіт, адказваючы на пытанне аб рэформе ў Касцёле, успомніў словы Францішка, які прызнаўся, што своеасаблівая "рэформа" адбылася ўнутры яго. Гэта мела месца ў сувязі з падзеямі ў Чылі, дзе былі зафіксаваны сур’ёзныя выпадкі злоўжыванняў і іх утойвання біскупамі.

Менавіта гэта падзея прывяла да склікання канферэнцыі, арганізаванай Папам у лютым 2019 г. у супрацоўніцтве з епіскапатамі свету, і публікацыі motu proprio Vos estis lux mundi, у якім упершыню біскуп згадваецца ў якасці галоўнага адказнага ў вырашэнні праблем, звязаных з выпадкамі сексуальнага гвалту.

Што тычыцца крокаў, якія трэба зрабіць, – працягнуў кс. Цольнэр – Папа звяртае ўвагу на тры рэчы. Перш за ўсё, трэба слухаць не толькі вушамі, а адкрытым сэрцам. Другое – неабходна ажыццявіць структурныя змены, якія б закранулі ўсю супольнасць Касцёла, а не толькі асобных людзей. Мы, як Касцёл, плывём на адной лодцы, - нагадаў Францішак. Трэці фактар – заканадаўства, якое ў розных краінах рэалізуецца з рознымі тэмпамі і якое акцэнтуе ўвагу на асобе біскупа: ён падсправаздачны некаму іншаму, хто стаіць вышэй за яго.

Адзін з галоўных касцёльных экспертаў па супрацьдзеянні злоўжыванням таксама згадаў сімвалічныя вобразы Касцёла, звязаныя з пантыфікатам Францішка: вобраз Добрага Пастыра і любячай Маці. Ён дадаў, што motu proprio, апублікаваны ў 2016 г., мае назву Come una madre amorevole' (Як любячая маці). Разважаючы пра Касцёл, Папа спасылаецца і на сімволіку палявога шпіталя. Гэтым вобразам Францішак заклікае вернікаў адмовіцца ад пачуцця бяспекі, адмовіцца ад канцэпцыі Касцёла бездакорнага і забыцца пра сябе: мы істотныя настолькі, наколькі здольныя працягваць місію Езуса Хрыста.
 

21 верасня 2021, 11:19