Епіскапат Францыі: абарона дзяцей стане абсалютным прыярытэтам
Ян Глінскі - Vatican News
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор 12 кастрычніка 2021 г. сустрэўся з Міністрам унутраных спраў краіны Жэральдам Дарманэнам. Іерарх распачаў размову з перапрашэння ўсіх абураных і параненых фактамі, змешчанымі ў нядаўна апублікаваным рапарце Незалежнай Камісіі па справе сексуальных злоўжыванняў у Касцёле ў Францыі (CIASE).
У ходзе сустрэчы было падкрэслена, што “маштаб сексуальнага насілля і агрэсіі ў адносінах да непаўналетніх, прыведзены ў Рапарце, патрабуе ад Касцёла ў гэтым кантэксце нанава прааналізаваць свае практыкі”. Епіскапат Францыі будзе намагацца, каб абарона дзяцей стала абсалютным прыярытэтам.
На заканчэнне сустрэчы Дарманэн прадставіў сваё бачанне таямніцы споведзі. Святары, якія ведаюць пра “злачынствы”, здзейсненыя ў дачыненні да дзяцей, якім менш за 15 гадоў, павінны прывесці гэтыя факты “перад судом”, не парушаючы таямніцы споведзі, - лічыць міністр.
У сваю чаргу, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор, яшчэ да сустрэчы ў МУС, нагадаў, што “таямніца споведзі, накладзеная на святароў кананічным правам, не супярэчыць французскім крымінальным законам” і заўсёды “паважалася Французскай Рэспублікай”.
Сакрамэнт пакаяння, як дадаў Арцыбіскуп Рэйнскі, з’яўляецца “момантам, калі ахвяра, напрыклад, дзіця, можа расказаць пра свае пакуты, (...) бо ўпэўненасць у таямніцы дазваляе ёй падзяліцца самым цяжкім”. Гэта, пры падтрымцы святара, які слухае споведзь, можа стаць першым крокам да аповеду пра злачынства па-за сакрамэнтам.
Таямніца споведзі стаіць вышэй за законы Рэспублікі, але “для нас, хрысціян, вера абуджае сумленне кожнага чалавека, заклікае не стамляцца ў шуканні дабра, што не можа адбывацца без павагі да законаў уласнай краіны”, - адзначыў французскі іерарх падчас сустрэчы з Міністрам унутраных спраў.