Пошук

Мітрапаліт Іларыён падчас выступлення на сустрэчы рэлігійных лідараў у Ватыкане Мітрапаліт Іларыён падчас выступлення на сустрэчы рэлігійных лідараў у Ватыкане 

Мітрапаліт Іларыён: трэба падтрымліваць дух братэрства

Мітрапаліт Іларыён, адказны за знешнія сувязі Маскоўскага Патрыярхату, даў інтэрв'ю Vatican News, у якім спаслаўся на сустрэчу рэлігійных лідараў з Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падарыў Пантыфіку рускае выданне кнігі “Малітва. Дыханне новага жыцця” з прадмовай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У ёй сабраныя выказванні Францішка аб малітве. Іларыён лічыць важным, каб людзі ў Расіі ведалі пра тое, што Папа – не толькі рэлігійны лідар, але і чалавек малітвы.

“Урокі, якія ён дае сваёй пастве, будуць карысныя расійскім чытачам, асабліва рускамоўным католікам. Але я таксама лічу, што некаторыя праваслаўныя чытачы могуць атрымаць карысць з яго настаўленняў”, - адзначыў Мітрапаліт Валакаламскі.

Гаворачы непасрэдна пра ватыканскую сустрэчу, Іларыён выказаў перакананне, што настаў час накіраваць палітычным лідарам магутны сігнал і папрасіць іх узяць на сябе адказнасць за будучыню планеты. “Мы самі – рэлігійныя лідары – можам зрабіць у гэтых адносінах няшмат. Многія рашэнні могуць прыняць палітыкі, гэта ў іх руках, і мы хочам, каб такія рашэнні былі прынятыя: зрабіць нашу планету чыстай, спыніць забруджванне і прадухіліць будучыя катастрофы, такія як раставанне леднікоў, пра што кажуць многія навукоўцы і даследчыкі”, - адзначыў прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы.

Паводле Мітрапаліта Іларыёна, асабліва ў наш час “хрысціяне павінны падтрымліваць дух братэрства, дух зносін, супольнасці, сяброўства. “Лічу важным, каб хрысціянскія Цэрквы ўдзельнічалі ў міжрэлігійных дыялогах, у міжрэлігійнай дзейнасці”, - падкрэсліў ён.
 

07 кастрычніка 2021, 11:29