Штогадовая сустрэча каталіцка-праваслаўнай групы св. Ірынея
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Удзельнікі нарады займаліся тэмай “адзінства і расколу”, а асновай для абмену думкамі сталі два рэфераты па біблістыцы, якія разглядаюць гэтае пытанне ў святле Старога і Новага Запаветаў.
Працу ўзначалілі сустаршыні Групы: Мітрапаліт Германіі і Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы Румынскай Праваслаўнай Царквы Серафім (Жаанта) і Біскуп Магдэбургскі Герхард Фейге з каталіцкага боку. Удзельнікаў 7 кастрычніка прыняў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, а затым Папа.
Кард. Курт Кох выказаў задавальненне працай Групы і падзякаваў за яе каштоўны ўклад у дзейнасць Міжнароднай змешанай камісіі па каталіцка-праваслаўным дыялогу.
Францішак таксама ацаніў па заслугах працу каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў. Першынства і сінадальнасць у Касцёле – не два канкуруючыя прынцыпы, а дзве рэчаіснасці, якія служаць супольнасці і падтрымліваюць адна адну ў служэнні адзінству, - адзначыў Пантыфік. Ён таксама падкрэсліў правільнасць выбару апекуном Групы св. Ірынея Ліёнскага, дадаўшы, што неўзабаве абвесціць яго Доктарам Касцёла з тытулам Doctor Unitatis.
Рабочай сустрэчы папярэднічалі кансультацыі, прысвечаныя канчатковаму абмеркаванню сумеснага дакумента Групы пад назвай Служыць адзінству. Пераасэнсаваць адносіны паміж першынствам і сінадальнасцю, праца над якім працягвалася з 2018 г. Новаўвядзеннем у гэтай частцы стала запрашэнне ў якасці назіральнікаў двух знешніх экспертаў-біблістаў і трох маладых студэнтаў.
Падчас сустрэчы быў прадстаўлены і абмеркаваны апошні дакумент, падрыхтаваны Камісіяй па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Старажытнымі Усходнімі Цэрквамі. Таксама ўдзельнікі сустрэчы пачалі дыскусію на тэму адзінства ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Зыходным пунктам тут стала аб'яднанне дзвюх Рускіх Праваслаўных Цэркваў: Маскоўскага і Замежнага Патрыярхатаў у 2007 г., а таксама метадалогія падтрымкі апошніх дыялогаў Каталіцкага Касцёла з вышэйзгаданымі Усходнімі Цэрквамі і Асірыйскай Царквой Усходу.
Рабочая група св. Ірынея была заснавана ў 2004 г. у нямецкім горадзе Падэрборн. У яе склад уваходзяць 13 каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў з розных краін Еўропы, а таксама з Блізкага Усходу і абедзвюх Амерык. Пасяджэнні праводзяцца кожны год, звычайна ў кастрычніку. Толькі ў 2020 г. сустрэцца не дазволіла пандэмія.