Святы Айцец стварыў Касцёльную Канферэнцыю Амазоніі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
20 кастрычніка 2021 г. Кангрэгацыя па справах біскупаў абнародавала паведамленне, у якім гаворыцца, што Папа заснаваў Касцёльную Канферэнцыю Амазоніі, “даручаючы ёй падтрымліваць супольную душпастырскую працу касцёльных адміністратыўных адзінак Амазоніі і спрыяць як мага большай інкультурацыі веры ў гэтым рэгіёне”.
Заўважаецца, што стварэнне “пастаяннай і рэпрэзентатыўнай біскупскай структуры з мэтай спрыяння сінадальнасці” у гэтай частцы свету было адной з прапаноў Выніковага дакумента Сінода Біскупаў па Амазоніі. Прадстаўнікі епіскапатаў рэгіёна падчас свайго пасяджэння, якое праходзіла ў чэрвені 2020 г. прынялі рашэнне звярнуцца да Апостальскай Сталіцы з просьбай аб заснаванні такога органа.
Святы Айцец з прыхільнасцю паставіўся да ініцыятывы і даручыў Кангрэгацыі па справах біскупаў падтрымаць яе. 9 кастрычніка 2021 г. ён прыняў на аўдыенцыі прэфекта гэтай ватыканскай дыкастэрыі, кардынала Марка Уэле, і здзейсніў кананічнае заснаванне Касцёльнай Канферэнцыі Амазоніі, надаючы ёй статус юрыдычнай асобы. Статуты новай структуры будуць перададзены Пантыфіку на зацвярджэнне пасля завяршэння іх дапрацоўкі, - паінфармавала Кангрэгацыя па справах біскупаў.