Святы Айцец моліцца за памерлага кардынала Эстэвеса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя Апостальскага нунцыя ў Чылі, арцыбіскупа Альбэрта Артэгі Марціна, Пантыфік выказаў спачуванні родным памерлага іерарха і вернікам дыяцэзій Ранкагуа і Вальпараіса, у якіх ён быў пастырам.
“Успамінаючы гэтага самаадданага прэлата, які на працягу многіх гадоў з вернасцю служыў Богу і Паўсюднаму Касцёлу, у тым ліку як прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, узношу малітву аб вечным супакоі для яго душы, каб Пан адарыў яго неўвядальным вянком славы, і ўдзяляю ўсім Апостальскае благаслаўленне на знак хрысціянскай надзеі на ўваскрослага Пана”, - напісаў Фрацнішак.
Хорхэ Артура Медзіна Эстэвес нарадзіўся ў 1926 г. у Сант’яга. У 1954 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Выкладаў кананічнае права ў Папскім каталіцкім універсітэце Чылі, быў віцэ-канцлерам гэтай навучальнай установы. Прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы, супрацоўнічаў з рознымі дыкатэрыямі Рымскай курыі, уваходзіў у склад экспертаў, якія займаліся падрыхтоўкай Кодэкса кананічнага права і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
У 1984 г. св. Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Ранкагуйскай дыяцэзіі ў Чылі, потым біскупам гэтай дыяцэзіі, а ў 1993 г. – біскупам Валпараіса. У тым жа годзе іерарх праводзіў духоўныя практыкаванні для Святога Айца і кіраўніцтва Рымскай курыі ў Ватыкане. У 1996 г. стаў про-прэфектам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, а ў 1998 г. – прэфектам і кардыналам. Падчас канклаву 2005 г. ён урачыста абвясціў аб выбранні на Пасад св. Пятра Бэнэдыкта XVI.
Пасля смерці кардынала Медзіны Эстэвеса Калегія кардыналаў складаецца з 215 членаў, з якіх 121 выбаршчык і 94 без права голасу на канклаве.