Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Магілёве прайшоў V Ружанцовы кангрэс. Сёлетняя сустрэча сабрала у горадзе на Дняпры 2 кастрычніка 2021 г. каля 170 удзельнікаў. Форум працягваўся восем гадзін і акрамя св. Імшы і супольнай малітвы на ружанцы ўключаў у сябе чатыры даклады. Арганізатарамі кангрэсу сталі айцы-дамінікане, а мадэратарам выступіў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. Кульмінацыяй кангрэсу стала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
З удзелам двух біскупаў урачыста распачаўся навучальны год у Гродзенскім тэалагічным каледжы імя св. Казіміра. 2 кастрычніка 2021 г. у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа. Цэлебрацыю інаўгурацыйнай св. Імшы ўзначаліў прызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які маліўся разам з Біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. Іерархi цэлебравалі Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй супольнасці гэтай касцёльнай навучальнай установы, асаблівым чынам молячыся за тых, хто сёлета распачынае ў ёй вучобу.
Працягваецца перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. З 2 па 10 кастрычніка 2021 г. яны знаходзяцца ў валожынскім касцёле св. Юзафа, дзе разам з тутэйшымі вернікамі перад імі могуць памаліцца ўсе ахвотныя. Нагадаем, што напачатку лета восем абразоў, якія благаславіў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, правезлі ўздоўж межаў краіны. Нядаўна экспазіцыю ўзбагацілі яшчэ трыма абразамі – першай з каранаваных папскімі каронамі на беларускай зямлі цудадзейнай іконай Маці Божай Жыровіцкай, а таксама копіямі ікон Маці Божай Гомельскай і Юравіцкай.
У Ракаве адзначылі 115-ю гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай. 3 кастрычніка 2021 г. тутэйшыя вернікі і госці ракаўскай парафіі разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам сабраліся на святочную Эўхарыстыю, каб падзякаваць за 115 гадоў, на працягу якіх парафіяльная святыня служыць людзям месцам сустрэчы з Богам. Парафія ў Ракаве ў пісьмовых крыніцах узгадваецца з XVI ст. Цэнтрам парафіяльнага жыцця ў мястэчку быў драўляны касцёл, які знаходзіўся на тым самым месцы, дзе цяпер узносіцца велічная святыня з цэглы.
Меркаваныя парэшткі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага знайшлі ў Стоўбцах. 6 кастрычніка 2021 г. тут прайшлі працы па адшуканні пахавання першага дамініканскага прыёра ў Стоўбцах. Айцец Фабіян Малішоўскі адыйшоў у вечнасць у 1644 г., і пазней яго пахавалі ў склепе святыні. Магіла была мэтай пілігрымак мясцовага насельніцтва, якое прыпісвала заступніцтву а. Фабіяна шмат ласкаў. Пошукі, якімі кіраваў пробашч парафіі Св. Казіміра кс. канонік Ігар Лашук, адбываліся на тэрыторыі знаходжання касцёла, узарванага савецкай уладай у 1953 г., у месцы, дзе парэшткі схавалі мясцовыя жыхары. Цяпер тут месціцца школьны стадыён. Плануецца, што рэлікварый з парэшткамі а. Фабіяна будзе захоўвацца ў новай стаўбцоўскай святыні.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нагадаў пра важнасць захавання ўсіх магчымых сродкаў бяспекі ў кантэксце распаўсюду COVID-19. Іерарх заклікаў духавенства і вернікаў дыяцэзіі выконваць загады і распараджэнні медыкаў. Біскуп нагадаў таксама пра дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, магчымасці далучацца да супольнай малітвы праз інтэрнэт і тэлебачанне, прымаць духоўную Камунію. Асаблівым чынам ардынарый просіць аб максімальнай асцярожнасці і разважлівасці пры арганізацыі ў парафіях рэлігійных урачыстасцяў і іншых мерапрыемстваў, у якіх прадугледжваецца ўдзел шматлікіх вернікаў.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.