Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Уэле: эўхарыстычная адарацыя надзвычай патрэбна Касцёлу

Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў і Старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі напісаў ліст да ўдзельнікаў Першай касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кард. Марк Уэле заахвоціў удзельнікаў форума, які праходзіць у Мехіка, адрадзіць стваральную місійную прыхільнасць Касцёла ў духу апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium. “Папа хоча, каб мы былі Касцёлам, які слухае. Мы павінны спыніцца, адпачыць ад нашай душпастырскай мітусні і сузіраць Езуса ў малітве", - напісаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што ў многіх супольнасцях знік звычай адарацыі, які сёння надзвычай патрэбны Касцёлу. Многія людзі нават не ведаюць, як перажыць такую малітву, як знайсці ў ёй сябе. “Між тым, адарацыя дапамагае нам пачуць братоў і сясцёр з розных куткоў свету, дзе існуе крызіс веры. Гэта крыніца душпастырскага абнаўлення праз чытанне знакаў, якія выцякаюць з мясцовых рэалій”, - гаворыцца ў лісце.

Кард. Уэле адзначыў, што нават калі мы становімся на калені, каб маліцца, наш розум і сэрца часта напоўнены ўласнымі планамі, якія непазбежна насычаны скажонымі меркаваннямі і забабонамі. “Адарацыя вызваляе нас ад гэтага, дазваляе з адкрытым сэрцам слухаць нашых братоў і сясцёр, адчуваць захапленне, здзіўленне і пашырэнне далягляду”, - напісаў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Каля тысячы прадстаўнікоў Касцёла ў Лацінскай Амерыцы прымаюць удзел у форуме, які з 21 па 28 лістапада 2021 г. праходзіць у сталіцы Мексікі адначасова ў афлайн і анлайн фарматах.
 

23 лістапада 2021, 11:18